Фото: Reform.by
Наймацней у красавіку падаражэлі камунальныя паслугі. На гэта ўказваюць даныя Белстата. Нагадаем, у гэтым годзе штогадовае павышэнне тарыфаў на ЖКП адбылося з 1 сакавіка, таму першыя аплаты па новых тарыфах беларусы зрабілі ў красавіку.
Так, у красавіку абыходжанне з ЦКА падаражэла на 23,12%, каналізацыя — на 20,55%, халоднае водазабеспячэнне — на 19,47%, тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў — на 19,31%, карыстанне ліфтам — на 12,31%. У цэлым ЖКП падаражэлі на 10,23%, газ — на 7,08%, электразабеспячэнне — на 7,01%.
Наймацней у красавіку ў параўнанні з сакавіком знізіліся цэны на салодкі перац — на 17,36%, на авакада — на 9,58%, на свежыя агуркі — на 8,38%, на жывыя кветкі — на 7,13%. Рытуальныя паслугі патаннелі за месяц на 6,41%.
З пачатку года наймацней падаражэлі свежыя памідоры (+13,66%), вінаград (+31,5%), праезд у прыгарадных аўтобусах (+29,88%), абыходжанне з ЦКА (+23,12%), міжнародныя паштовыя адпраўленні (+20,95%).
У параўнанні са снежнем у красавіку наймацней патаннелі цытрусавыя (-14,57%), яблыкі (-12,69%), свежыя агуркі (-11,82%), білеты ў цырк (-7,48%), шліфаваны рыс (-4,03%).