Нафтавыя каціроўкі зноў узляцелі вышэй за 100 долараў за барэль на фоне атак на танкеры

Нафтавыя каціроўкі зноў узляцелі вышэй за ўзровень 100 долараў за барэль.

Сёння раніцай кошт найбліжэйшага ф’ючарса на нафту маркі Brent падымаўся да 101,3 долара за барэль, але затым знізіўся да 100,19 долара за барэль.

Амерыканская нафта WTI гандлявалася на ўзроўні 94,49 долара за барэль.

Нагадаем, учора раніцай нафтавыя ф’ючарсы гандляваліся на ўзроўні ніжэй за 90 долараў за барэль. Трэба адзначыць, што ў папярэднія дні каціроўкі пасля ранішняга ўзлёту, як правіла, зніжаліся.

Кошт нафты вырас, нягледзячы на абвяшчэнне Міжнароднага энергетычнага агенцтва аб вызваленні 400 млн барэляў нафты з запасаў, у тым ліку ЗША на наступным тыдні маюць намер рэалізаваць 172 млн барэляў нафты. Гэта найбуйнейшая падобная аперацыя ў гісторыі МЭА.

Негатыўным фонам для трэйдараў сталі новыя атакі на танкеры ў Персідскім заліве. Іранскія кацеры, начыненыя выбухоўкай, атакавалі два танкеры ў іракскіх водах. Судны загарэліся. Да гэтага былі атакаваныя яшчэ чатыры танкеры. Паводле інфармацыі Reuters, нафтавыя порты Ірака цалкам спынілі працу. Таксама паведамляецца, што Аман эвакуяваў усе судны са свайго ключавога нафтаэкспартнага тэрмінала ў Міна-эль-Фахале.

Пры гэтым агенцтва са спасылкай на сэрвіс TankerTrackers.com, які спецыялізуецца на адсочванні так званага ценявога флоту, адзначае, што вываз іранскай нафты праз Армузскі праліў працягваецца. З 28 лютага было экспартавана каля 13,7 млн барэляў. Даныя Kpler указваюць на экспарт 16,5 млн барэляў іранскай нафты за першыя 11 дзён сакавіка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!