Фото: Natalya Letunova / Unsplash.com
Нафтагазавыя даходы расійскага бюджэту ў красавіку выраслі на 39%. На гэта паказваюць дадзеныя Мінфіна РФ. Яны склалі ў мінулым месяцы 855,6 млрд расійскіх рублёў, што на 238,6 млрд расійскіх рублёў больш за сакавіцкі паказчык.
Рост даходаў звязаны з павелічэннем цэн на нафту з-за аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана.
У сакавіку расійскія нафтавыя кампаніі плацілі падаткі, зыходзячы з кошту нафты ў 44 долары за барэль. Красавіцкія падаткі ўжо вылічваліся паводле сакавіцкай цаны, якая склала 77 долараў за барэль.
4 мая Мінэканомікі РФ назвала красавіцкую цану для разліку падаткаў. Яна склала ўжо 94,9 долара за барэль. Гэтая цана будзе ўлічвацца пры выплаце падаткаў за красавік. Такім чынам, нафтагазавыя даходы расійскага бюджэту ў маі таксама вырастуць.
У бюджэт 2026 года закладзена сярэдняя цана на нафту Urals у 59 долараў за барэль. Пакуль жа паказчык за чатыры месяцы складае 64,4 долара за барэль.
Разам з тым па выніках чатырох месяцаў нафтагазавыя даходы расійскага бюджэту пакуль застаюцца ніжэй за леташні ўзровень на 38% і складаюць 2,3 трлн расійскіх рублёў.