Начаваў у машыне, каб прысвоіць камандзіровачныя. На берасцейца завялі крымінальную справу
Рэдакцыя Reform.news · 23 лютага 2026, 10:05
https://reform.news/be/nachava-u-mashyne-kab-prysvoic-kamandzirovachnyja-na-berascejca-zavjali-kryminalnuju-spravu/Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да двух работнікаў берасцейскага дзяржпрадпрыемства. Іх абвінавачваюць у прысваенні камандзіровачных.
Паводле версіі следства, 59-гадовы мужчына на працягу трох гадоў 65 разоў выязджаў у камандзіроўкі. Ён афармляў дакументы аб пасутачнай арэндзе кватэры ў Мінску. Насамрэч жа мужчына начаваў у службовым аўтамабілі. Уладальніку кватэры ён перадаваў толькі частку ўзгодненай сумы, астатняе забіраў сабе, а ў бухгалтэрыю падаваў фіктыўныя дакументы.
64-гадовы абвінавачаны дзейнічаў падобным чынам. Ён афармляў арэнду кватэры, але фактычна жыў у сваякоў. Таксама мужчына некалькі разоў вяртаўся з паездкі раней за тэрмін, але сутачныя не вяртаў, падаючы білеты на цягнік з больш позняй датай.
“Усяго работнікі прысвоілі больш за 19 тысяч рублёў, якія належалі дзяржаўнаму прадпрыемству. У ходзе следства абвінавачаныя прызналі віну і пакрылі прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме”, — паведамілі ў СК.
