Фото: Олег Некало, «Ваяр»
Беларускія вайскоўцы ў рамках аператыўна-тактычнага вучэння адпрацавалі выяўленне і знішчэнне паветраных цэляў на адным з палігонаў і аэрадромаў у Расіі. Практычны этап праходзіў з 8 па 10 верасня, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
У стрэльбах удзельнічалі зенітныя ракетныя падраздзяленні, авіяцыя і радыётэхнічныя войскі. Разлікі ЗРК С-300ПС правялі баявыя стрэльбы, экіпажы Як-130 і Су-30СМ адпрацавалі дзеянні па паветраных цэлях.
Для падраздзяленняў зенітных ракетных войскаў і авіяцыі ў якасці мішэняў выкарыстоўваліся спецыялізаваныя высакахуткасныя комплексы, якія імітавалі ў тым ліку малапамерныя цэлі. Паводле слоў камандуючага ВПС і войскамі СПА Андрэя Лук’яновіча, пілоты працавалі па такіх цэлях упершыню.
Зенітчыкі і авіятары выконвалі задачы пры падтрымцы падраздзялення радыётэхнічных войскаў.
Упершыню ў складзе падраздзяленняў СПА задачы выконвалі дзяўчаты-вайскоўцы. Адзін з разлікаў складаўся з курсантаў факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Беларусі, у тым ліку трох дзяўчат. Паводле папярэдняй ацэнкі камандавання, зенітныя ракетныя і радыётэхнічныя войскі атрымалі адзнаку «выдатна», авіяцыя — «добра».
«На першым этапе, які прайшоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 25 па 28 жніўня, мы адпрацавалі практычныя пытанні пераадолення сістэмы супрацьпаветранай абароны праціўніка, нанясення авіяцыйных удараў па наземных цэлях, таксама былі адпрацаваныя пытанні знішчэння сродкаў паветранага нападу. Другі этап праходзіў на адным з палігонаў і аэрадромаў у Расійскай Федэрацыі з 8 па 10 верасня.
Асноўныя задачы, якія стаялі перад нашымі авіяцыйнымі экіпажамі і баявымі разлікамі, — выяўленне, суправаджэнне і паражэнне паветраных цэляў. Акцэнт быў зроблены на супрацьдзеянні сродкам паветранага нападу. Упор рабілі на супрацьдзеянні беспілотным лятальным апаратам і высокадакладным крылатым ракетам», – заявіў Лук’яновіч.
«Паводле папярэдняй ацэнкі, зенітныя ракетныя войскі і радыётэхнічныя войскі атрымалі адзнаку «выдатна», авіяцыя — «добра». Знішчана 22 паветраныя цэлі. Акрамя таго, правялі трэніроўку з мабільнымі агнявымі групамі па знішчэнні беспілотных лятальных апаратаў.
Я як камандуючы праверыў гатоўнасць авіяцыі, зенітных ракетных войскаў і радыётэхнічных войскаў сумесна працаваць па паветраных цэлях. Усе мэты вучэння былі дасягнутыя, разбор будзе праведзены па сродках аб’ектыўнага кантролю, і ўжо пазней будзе дадзена аб’ектыўная ацэнка ўсім экіпажам і разлікам», – дадаў ён.
Вучэнне з сіламі СПА праводзілася з 25 жніўня па 10 верасня. Першы этап адбыўся ў Беларусі з 25 па 28 жніўня, другі – у Расіі з 8 па 10 верасня.