Генеральная прокуратура Литвы. Фото: .facebook.com/lrprokuratura
Генпракуратура Літвы ў пятніцу пачала праверку выкарыстання сродкаў ліквідаванай установай «Цэнтр права і дэмакратыі», якой кіраваў Дайнюс Жалімас. Падставай для расследавання сталі заявы еўрадэпутата Петраса Гражуліса і члена Сейма Рэмігіюса Жэмайтайціса.
У заяве пракуратуры гаворыцца, што звесткі, пазначаныя ў заявах, датычацца магчымага незаконнага выкарыстання сродкаў у 2021-2025 гадах і могуць быць правераныя толькі ў ходзе дасудовага расследавання, якое будзе праводзіцца ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 222 Крымінальнага кодэкса «Ашуканскае вядзенне і (або) арганізацыя фінансавай справаздачнасці».
У нядзелю прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаўся пра праверку.
“Абвінавачанні сур’ёзныя, тым больш што яны накіраваныя супраць нашага дэпутата Еўрапарламента спадара Жалімаса, таму сёння я ўстрымаюся ад якіх-небудзь асабістых ацэнак.
Давайце дачакаемся завяршэння расследавання і паглядзім, якімі будуць далейшыя дзеянні. Усё гэта мы ўбачым, і ўжо тады зможам даць палітычную ацэнку”, — сказаў ён, перадае LRT.
Сам Жалімас у пятніцу заявіў, што ўпэўнены: расследаванне не выявіць нічога незаконнага. Паводле яго слоў, бухгалтэрыя «Цэнтра права і дэмакратыі» вялася належным чынам, ні ў аднаго фінансавага донара ўстановы не было прэтэнзій, а праваахоўныя органы толькі хочуць праверыць бухгалтарскія дакументы, якія знаходзяцца не ў яго, а ў заснавальніка ўстановы.
Паводле версіі Жэмайтайціса, за тры гады ўстанова атрымала каля 246 тыс. еўра падтрымкі, пры гэтым непасрэдна Жалімасу было выплачана больш за 30 тыс. еўра, аднак у штогадовых справаздачах пра дзейнасць інфармацыя пра выкарыстанне гэтых сродкаў і вынікі «практычна не адлюстраваная».
Сумневы ў празрыстасці выкарыстання сродкаў таксама выказвалі Валеры Цапкала і Дзмітрый Балкунец. Цапкала апублікаваў адкрыты ліст, адрасаваны прэзідэнту Літвы, у якім гаварылася, што да дзейнасці Жалімаса ёсць “сур’ёзныя пытанні адносна празрыстасці, падсправаздачнасці і выкарыстання сродкаў міжнароднай падтрымкі”.
Наўседа сказаў, што пераслаў гэты ліст у Генпракуратуру.
Трэба адзначыць, што менавіта Жалімас і яго цэнтр актыўна садзейнічалі таму, што Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд адносна Аляксандра Лукашэнкі.