На Беларускай чыгунцы ўзнік дэфіцыт вагонаў-платформаў з-за воінскіх перавозак – «Супольнасць чыгуначнікаў»

Армія
Фото: Минобороны России

На Беларускай чыгунцы ў канцы жніўня ўзнік недахоп спраўных універсальных вагонаў-платформаў, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» са спасылкай на крыніцы, звязаныя з арганізацыяй перавозак.

Паводле іх даных, частка платформаў Беларускай чыгункі і прадпрыемства «БЕЛІНТЭРТРАНС — транспартна-лагістычны цэнтр», якое ёй належыць, ужо выкарыстоўваецца для выканання воінскіх заявак або зарэзерваваная для будучых адпраўленняў. У выніку іншым грузаадпраўшчыкам даводзіцца чакаць падачы вагонаў альбо атрымліваць іх у меншай колькасці.

Дакладная колькасць задзейнічаных платформаў, станцыі пагрузкі і маршруты эшалонаў пакуль невядомыя. Адзначаецца, што адпраўка беларускіх падраздзяленняў на расійскі палігон Ашулук тлумачыць толькі невялікую частку патрэбы ў вагонах. З 25 жніўня па 10 верасня Узброеныя сілы Беларусі праводзяць аператыўна-тактычнае вучэнне ВПС і войскаў СПА, другі этап якога павінен прайсці на гэтым палігоне.

Універсальныя платформы выкарыстоўваюцца для перавозкі танкаў, бронетранспарцёраў, баявых машын, артылерыйскіх установак і аўтамабільнай тэхнікі. Для транспарціроўкі аднаго падраздзялення можа спатрэбіцца некалькі дзясяткаў такіх вагонаў.

Падобная сітуацыя ўзнікала падчас вучэнняў «Захад-2021». Тады з-за выканання дзяржаўнага заказу, звязанага з «нацыянальнай бяспекай», Беларуская чыгунка не змагла даць дадатковыя платформы прадпрыемствам «Гомсельмаш», БЕЛАЗ і КАТЭК.

Пры гэтым аўтары публікацыі падкрэсліваюць, што цяпер няма прыкмет масавай перакідкі расійскіх войскаў, супастаўнай са студзенем–лютым 2022 года. На дадзены момант зафіксаваны толькі недахоп вагонаў-платформаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.