МЗС Расіі выклала паслам еўратройкі падыходы да перамоў з Украінай

Міністэрства замежных спраў Расіі сёння правяло сустрэчу з пасламі Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.

Намеснік міністра замежных спраў РФ Міхаіл Галузін давёў да паслоў ацэнку расійскага боку, які лічыць «дэструктыўнай» палітыку трох краін «у дачыненні да ўкраінскага крызісу». На думку Масквы, яна «накіравана на максімальнае стымуляванне кіеўскага рэжыму да працягу вайны супраць Расіі ад імя, за кошт і пры прамой дапамозе заходняй „кааліцыі ахвотных“».

«Былі растлумачаны прынцыповыя падыходы расійскага боку да пошуку палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту на аснове ліквідацыі яго першапрычын», — гаворыцца ў паведамленні расійскага МЗС.

Нагадаем, на выходных адбылася сустрэча прэзідэнта Украіны з лідарамі Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Па яе выніках была прынята сумесная заява, у якой былі названыя ўмовы для перамоў па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны.

Яны ўключаюць неадкладнае спыненне агню па цяперашняй лініі фронту «як стартавую кропку для дыялогу», а таксама гарантыі бяспекі для Украіны, уключаючы магчымасць разгортвання шматнацыянальных міратворчых сіл.

Паводле інфармацыі СМІ, Вялікабрытанія, Францыя і Германія на будучай сустрэчы G7 плануюць пераканаць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падтрымаць перамовы ў новым фармаце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!