МЗС Латвіі прапанаваў забараніць транзіт збожжа з Беларусі і Расіі

МЗС Латвіі падрыхтаваў і перадаў прэм’ер-міністру Андрысу Кулбергсу праект пастановы аб забароне транзіту праз краіну збожжа беларускага і расійскага паходжання. Забарону прапануецца ўвесці ў рамках нацыянальных санкцый, паведаміла ведамства 13 лістапада.

Кіраўніца МЗС Латвіі Байба Бражэ адзначыла, што праект падрыхтаваны і ўнесены ў Кабінет міністраў. «Рызыкі выяўлены і кіраваныя, цяпер неабходнае рашэнне ўрада», — напісала яна ў X.

13 кастрычніка МЗС прадставіў ураду тры варыянты забароны транзіту збожжа. Адзін з іх прадугледжваў увядзенне санкцый на ўзроўні Еўрасаюза. Латвія абмяркоўвала гэтую ініцыятыву з інстытутамі ЕС і дзяржавамі-членамі, аднак, паводле даных міністэрства, дастатковай падтрымкі для агульнаеўрапейскай забароны пакуль няма. МЗС працягне дамагацца ўзгодненых мер на ўзроўні ЕС.

Ведамства адзначае, што ўвядзенне забароны можа пацягнуць судовыя спрэчкі па ўжо заключаных кантрактах і адбіцца на транспартнай і лагістычнай галіне, а таксама на даходах бюджэту. Праект павінен адпавядаць заканадаўству ЕС.

24 верасня Сейм Латвіі заклікаў урад распрацаваць прававую аснову для забароны ўвозу збожжа з Беларусі і Расіі, у тым ліку транзітам. У Латвіі ўжо дзейнічае забарона на імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі з абедзвюх краін.

Нагадаем, у суседняй Літве з 16 лістапада плануюць затрымліваць у порце Клайпеды партыі пшаніцы, ячменю, кукурузы і насення сланечніку, якія паступаюць з Беларусі і Расіі для адпраўкі на экспарт. Мытнае афармленне будуць завяршаць пасля атрымання вынікаў лабараторных аналізаў. Праверка можа заняць два месяцы і даўжэй. Калі заяўленае паходжанне грузу акажацца недакладным, яго вернуць або знішчаць. Выдаткі панясуць экспарцёры.

Літва абвясціла аб пашырэнні праверак у верасні. Яны павінны ахапіць і фуражнае, і харчовае збожжа. Літоўскія ўлады хочуць прадухіліць транзіт збожжа з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.