Літва будзе затрымліваць збожжа з Беларусі і РФ для праверкі. Гэта можа заняць месяцы

З наступнага тыдня Літва будзе затрымліваць у порце Клайпеды расійскае і беларускае збожжа, прызначанае для экспарту, да атрымання вынікаў аналізаў, якія пацвярджаюць яго паходжанне. Праверкі могуць займаць два месяцы і больш, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы.

Літва пачала правяраць партыі збожжа з Беларусі і РФ у верасні. Улады падазраюць, што частка прадукцыі можа паходзіць з тэрыторый Украіны, акупаваных Расіяй.

Праверкі распаўсюдзяцца на пшаніцу, ячмень, насенне сланечніку і кукурузу, якія адпраўляюць на экспарт праз Клайпеду з Беларусі і Расіі. З наступнага тыдня мытнае афармленне грузаў не будуць завяршаць да атрымання вынікаў лабараторных даследаванняў.

Калі паводле вынікаў аналізаў будзе ўстаноўлена недакладнае паходжанне грузу, яго вернуць або знішчаць, растлумачыў чыноўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы.

Паколькі ў Літве няма лабараторыі, здольнай правесці неабходныя даследаванні, узоры збожжа давядзецца адпраўляць за мяжу.

Усе выдаткі на захоўванне, праверку, вяртанне або знішчэнне збожжа будуць несці экспарцёры, паведаміў прадстаўнік ведамства.

Нагадаем, у верасні 2026 года Літва заявіла пра планы правяраць збожжа, якое ідзе транзітам праз краіну з Беларусі і Расіі, каб не дапусціць транзіту скрадзенага ўкраінскага збожжа. Літва, Латвія і Эстонія таксама выступілі з ініцыятывай аб увядзенні санкцый у дачыненні да транзіту расійскага збожжа праз краіны Еўрасаюза.