Восіп Цадкін «Крыцкі бык». Фота: Музей Марка Шагала ў Віцебску.
Калекцыя Музея Марка Шагала ў Віцебску атрымала каштоўны падарунак — тры графічныя лісты сусветна вядомага скульптара і графіка Парыжскай школы Восіпа Цадкіна. Гэта першыя творы авангардыста ў фондах установы.
Як распавяла дырэктарка музея Ірына Воранава, калекцыю папоўнілі рэдкія экзэмпляры друкаванай графікі, якія перадаў апякун і мецэнат музея, які пажадаў застацца невядомым.
Сярод паступленняў — дзве літаграфіі і адна лінагравюра.
«Крыцкі бык» (1960 год) — літаграфія з культавай серыі «Подзвігі Геракла». Твор надрукаваны на шчыльнай гладкай веляневай паперы накладам у 350 асобнікаў у нямецкім выдавецтве ў Кёльне. У Віцебск трапіў 104-ты адбітак з арыгінальным карандашным подпісам аўтара.
«Акрабат» (1965 год) — літаграфія на веляневай паперы, якая выдавалася агульным накладам у 150 экзэмпляраў. Фонд музея папоўніў 135-ты адбітак, таксама падпісаны мастаком асадкай.
«Без назвы» (1938 год) — лінагравюра, створаная Цадкіным для знакамітага французскага мастацкага часопіса «XXe Siècle» («XX стагоддзе»). Твор мае аўтарскі подпіс ініцыяламі прама на друкарскай форме (на дошцы).
Паводле слоў кіраўніцтва музея, работы прыйшлі ў задавальняючым стане і практычна не патрабуюць рэстаўрацыі. Зараз яны праходзяць працэдуру афіцыйнага афармлення ў музейны фонд, пасля чаго іх плануюць паказаць публіцы на зменных выставах у Арт-цэнтры Марка Шагала.
Варта адзначыць, што першымі вяртаць спадчыну мастака на радзіму пачалі ў межах праекта «Арт-Беларусь», стваральнікам і натхняльнікам якога быў Віктар Бабарыка.
Дзякуючы «Белгазпрамбанку» ў Беларусь з Парыжа трапілі знакавыя скульптуры Цадкіна (у тым ліку «Вяртанне блуднага сына» і «Празніца»), якія дэманстраваліся на выставах у Мінску і Віцебску.
У 2020 годзе Віктар Бабарыка заявіў пра намер вылучацца ў кандыдаты ў прэзідэнты, пасля чаго быў затрыманы і асуджаны рэжымам Лукашэнкі да працяглага зняволення. Калекцыя «Белгазпромбанка» тады фактычна трапіла пад арышт. Сёння гэтыя творы даступныя для прагляду ў галерэі “Арт-Беларусь” ў Палацы мастацтва ў Мінску.
Папаўненне віцебскага музея працамі Цадкіна — у пэўным сэнсе вяртанне двух землякоў і паплечнікаў пад адзін дах.
Сцежкі Марка Шагала і Восіпа Цадкіна шчыльна перапляталіся на працягу ўсяго жыцця.
Абодва мастакі нарадзіліся ў Віцебску, вучыліся ў адным класе Віцебскага гарадскога вучылішча і атрымалі першыя мастацкія навыкі ў прыватнай школе Юдэля Пэна.
У пачатку XX стагоддзя яны апынуліся ў Францыі і жылі па суседстве ў легендарным фаланстэры мастакоў «Вулей» (La Ruche) на Манпарнасе, стаўшы яркімі прадстаўнікамі Парыжскай школы.
Падчас Другой сусветнай вайны абодва творцы былі вымушаныя збегчы ад нацызму ў ЗША і ў 1942 годзе ўдзельнічалі ў знакавай нью-ёркскай выставе Artists in Exile («Мастакі ў выгнанні»).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram