Фото: t.me/pressmvd
Падчас комплексных камандна-штабных вучэнняў МУС на Гомельшчыне супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войскаў адпрацавалі дзеянні пры розных сцэнарыях абвастрэння абстаноўкі ў гарадскім асяроддзі. За дзеяннямі ўдзельнікаў сачыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
Адной з задач стала затрыманне групы людзей, якія перакрылі праезную частку. Паводле сцэнарыя адзін з удзельнікаў заблакаваў дарогу аўтамабілем і вёў трансляцыю з беспілотніка. Супрацоўнікі ДАІ, АМАПа і АСН «Буран», якія прыбылі на месца, затрымалі ўдзельнікаў, уключаючы аператара дрона, пасля чаго рух аднавілі.
Яшчэ адзін сцэнар прадугледжваў пошук і затрыманне шасці ўзброеных людзей, якія схаваліся ў будынку чыгуначнага вакзала. Пасля разведкі аб’ект заблакавалі, байцы АМАПа і АСН «Буран» выявілі людзей у зале чакання і перадалі іх канвою.
Таксама на вучэннях адпрацавалі вызваленне дзвюх правадніц, якіх, паводле ўводнай, захапілі і ўтрымлівалі ў плацкартным вагоне. Цягнік і прылеглую тэрыторыю заблакавалі, пасля чаго групы аператыўна-баявога прызначэння правялі штурм з выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў і вызвалілі закладніц.
Паводле яшчэ аднаго сцэнарыя пяцёра ўзброеных людзей захапілі адміністрацыйны будынак і ўтрымлівалі службовую асобу і работнікаў прадпрыемства. Умоўныя злачынцы схаваліся ў актавай зале без вокнаў і асвятлення. Штурмавыя групы пры падтрымцы блакіруючых падраздзяленняў, снайпераў і бронетэхнікі праніклі ў будынак і з выкарыстаннем прыбораў начнога бачання зачысцілі памяшканне. Закладнікі не пацярпелі.
Вучэнні таксама ўключалі адпрацоўку выяўлення і знішчэння дыверсійна-разведвальных груп. Як паведамілі ў МУС, неабходнасць удасканальваць такую тактыку была акрэслена пасля праверкі 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі.