Кубракоў прапануе дазволіць сілавікам дзейнічаць без санкцыі пракурора ў асаблівых умовах

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў прапануе пашырыць паўнамоцтвы аператыўна-сітуацыйных штабоў (АСШ), каб яны маглі прымаць рашэнні ў асаблівых умовах без санкцыі пракурора. Пра гэта ён заявіў падчас комплексных камандна-штабных вучэнняў УУС Гомельскай вобласці.

Кіраўнік МУС падкрэсліў неабходнасць наладжанага і аператыўнага інфармацыйнага абмену паміж зацікаўленымі.

«Варта прапрацаваць пытанне, каб пры дзеяннях у асаблівых умовах мы маглі прымаць пэўныя рашэнні без санкцыі пракурора. Для гэтага паўнамоцтвы кіраўнікоў АСШ павінны быць пашыраныя. Важна ўлічыць усе юрыдычныя аспекты», — заявіў ён.

Кубракоў таксама назваў прыярытэтам прафілактыку на прадпрыемствах і недапушчэнне ўцягвання людзей у «дэструктыўны рух», паведамляе прэс-служба МУС.

Кіраўнік МУС падкрэсліў, што задача сілавікоў — спыняць правакацыі.

«Усе ўводныя, у тым ліку пазапланавыя, накіраваныя на праверку фізічнай вынослівасці асабовага складу, гатоўнасці да прымянення і выкарыстання зброі. Асабліва гэта датычыцца байцоў спецпадраздзяленняў.

Пры спыненні масавых беспарадкаў працуем дакладна і зладжана. Рашэнні прымаеце вы, дзейнічаеце строга ў адпаведнасці з заканадаўствам. Галоўнае — не дапускаць правакацый, спыняючы іх у самым пачатку», — заявіў Кубракоў.

Фота: МУС
Фота: МУС
Фота: МУС