Мёртвых птушак прыбралі, а памёт пакінулі: мінчанін зняў на відэа пад’езд да і пасля ўборкі
Рэдакцыя Reform.news · 18 лістапада 2026, 12:39
https://reform.news/be/mjortvyh-ptushak-prybrali-a-pamjot-pakinuli-minchanin-znja-na-vidjea-pad-ezd-da-i-paslja-borki/Усё пачалося з прапановы адрамантаваць пад’езд. За афарбоўку дзесяці паверхаў падрадчык, паводле слоў жыхара, выставіў каля 8 тысяч долараў. Мінчане вырашылі фарбаваць сваімі сіламі. Перашкаджала адно: лесвіца ў памёце і мёртвых птушках, а пра ўборку ў каштарысе не было «ні слова, ні паўслова, ні коскі».

Дамагацца яе давялося асобна. На кожны зварот прыходзіў адказ, на кожны адказ з’яўлялася новае пытанне. «Бюракратыя — адзіны від спорту, дзе мы дакладна ў зборнай», — піша жыхар дома ў сваім Threads.
Заяўка на 115.бел, пакінутая 16 лістапада, адкрываецца фатаграфіяй мёртвай птушкі каля парэнчаў. Следам яшчэ два здымкі: тушка голуба пасярод пляцоўкі і кут, завалены пер’ем і памётам.
Праз суткі заяўку закрылі і папрасілі паставіць ацэнку ўборцы пад’езда. Жыхар пайшоў ацэньваць з камерай.

Аўтар падымаецца па цёмнай лесвіцы. Першыя паверхі падмеценыя, з неахайнага – толькі графіці на сценах. Паверхам-другім вышэй на прыступках з’яўляюцца чырвоная пляма, недакуркі і смецце. Чым вышэй, тым гусцей. Аўтар велікадушна шукае апраўданні: «На лесвіцы няма святла, а на вуліцы цямнее рана, і нешта можна было не ўбачыць».
На верхніх паверхах прыступкі ўжо спрэс у памёце і пер’і. Тут жа пляцоўка з фатаграфіі з заяўкі, яе лёгка пазнаць па цёмных плямах на сцяне. Мёртвай птушкі больш няма, але памёт на месцы. «Фарбаваць па г**не — новы від мастацтва», – піша аўтар паста.
