Фото: unsplash.com
Выпадкаў завозу віруса Ніпах у Беларусь не выяўлена, заяўляе Міністэрства аховы здароўя.
«Улічваючы біялагічныя ўласцівасці віруса і эндэмічны характар захворвання, а таксама адсутнасць у фаўне нашай краіны прыродных рэзервуараў віруса (трапічных лятучых мышэй — крыланаў), рызыка распаўсюджання віруса Ніпах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мінімальная», — заяўляе Мінздароўя.
У Беларусі ёсць магчымасці выяўлення віруса Ніпах для пастаноўкі дыягназу захворвання. Рэкамендаваныя СААЗ наборы для дыягностыкі маюцца ў лабараторыі біятэхналогій і імунадыягностыкі асабліва небяспечных інфекцый НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Мінздароўя раіць турыстам, якія падарожнічаюць па краінах Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі, пазбягаць кантакту з хворымі жывёламі, пазбягаць цеснага фізічнага кантакту з людзьмі з прыкметамі інфікавання, старанна мыць рукі з мылам і выкарыстоўваць антысептык, не ўжываць ваду з неправераных крыніц, мыць фрукты і гародніну перад ужываннем.
Вірус Ніпах — патаген высокай рызыкі з эпідэмічным патэнцыялам. Хвароба, выкліканая гэтым вірусам, у чалавека праяўляецца па-рознаму — ад бессімптомнага стану да цяжкіх вострых станаў, якія развіваюцца хутка.