Мінск разглядае ўдар па беларускім грузавіку ў Бранскай вобласці як наўмысную атаку

9 кастрычніка ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Іван Навіцкі. Яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з атакай дрона на беларускі грузавы аўтамабіль у Бранскай вобласці Расіі, у выніку якой пацярпела грамадзянка Беларусі.

У МЗС Беларусі заявілі, што ўдар быў нанесены ўкраінскім беспілотнікам. Беларусь разглядае атаку як наўмысную.

«Падставай для выкліку стала ўчарашняя атака ўкраінскага беспілотнага лятальнага апарата на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У выніку гэтай атакі грамадзянцы Беларусі нанесены цяжкія калецтвы.

Дыпламату ўручана нота пратэсту, у якой адзначана, што Кіеў ужо раней папярэджваўся аб недапушчальнасці падобных дзеянняў. Прыналежнасць аўтамабіля была відавочная, і ў беларускага боку ёсць падставы разглядаць атаку як наўмысную», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Мінск заклікаў украінскі бок спыніць правакацыі і папярэдзіў аб «адэкватных мерах рэагавання».

«Украінскі бок перасцераглі ад паўтарэння падобных дзеянняў. Падкрэслена, што адказнасць за іх наступствы цалкам кладзецца на ўлады Украіны. Беларусь пакідае за сабой права на адэкватныя меры рэагавання.

Беларускі бок заклікаў спыніць правакацыі, якія вядуць да эскалацыі», — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, 8 кастрычніка МЗС паведаміў пра ўдар беспілотніка па грузавіку на беларускіх нумарах у Бранскай вобласці РФ. У выніку пасажырка аўтамабіля, грамадзянка Беларусі, атрымала цяжкія раненні. Ёй ампутавалі канечнасці. Жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі.