Грамадзянка Беларусі параненая пасля атакі дрона на грузавік у Бранскай вобласці

Грамадзянка Беларусі атрымала цяжкія раненні ў выніку атакі беспілотніка на грузавы аўтамабіль на беларускіх нумарах у Бранскай вобласці Расіі. Гэта адбылося 8 кастрычніка.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў удакладніў, што жанчыне спатрэбілася ампутацыя канечнасцей з-за цяжкіх раненняў, цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі.

«У сувязі з атрыманымі цяжкімі раненнямі ёй спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне, якое ўключае ампутацыю канечнасцей. У цяперашні час пацярпелая знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі ў вельмі цяжкім, але стабілізаваным стане. Яна падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Медыцынская дапамога аказваецца ў поўным аб’ёме», — заявіў Варанкоў.

Супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Расіі і аддзялення пасольства ў Смаленску аказваюць неабходнае садзейнічанне і знаходзяцца ў кантакце з мясцовымі ўладамі і медыцынскай установай.

МЗС Беларусі нагадаў пра рэкамендацыю не ездзіць у Расію.

«Міністэрства замежных спраў Беларусі раней папярэджвала пра павышаную небяспеку і рэкамендавала грамадзянам устрымлівацца ад паездак у гэтую мясцовасць. Аднак гэтыя папярэджанні не мелі належнага дзеяння. Сённяшняе здарэнне пацвярджае актуальнасць рэкамендацыі», — заявіў Варанкоў.

МЗС разглядае сітуацыю як спробу ўцягнуць Беларусь у канфлікт.

“Учыненае дзеянне мае антыгуманны характар. Бачым у ім спробу эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне, а таксама складовую частку скаардынаваных дзеянняў, накіраваных на ўцягванне Беларусі ў канфлікт”, — заявіў прадстаўнік МЗС.

Губернатар Бранскай вобласці Ягор Кавальчук паведаміў, што сёння дроны атакавалі два грузавыя аўтамабілі каля вёскі Сматрова Буда Клінцоўскага раёна на трасе Бранск – Навазыбкаў.

«У адным выпадку асколачныя раненні атрымаў кіроўца, у другім — жанчына-пасажыр», — напісаў ён.