Фото: Sorin Gheorghita / Unsplash.com
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання абнавіла мінімальныя экспартныя цэны на малочную прадукцыю. Пастанова МСГХ №4 ад 14 студзеня апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 15 студзеня.
МСГХ пачало ўсталёўваць цэны для расійскага рынку на сметанковае масла ў залежнасці ад наяўнасці ўпакоўкі. Цяпер цэны ўсталёўваюцца на фасаванае масла або масла ў спажывецкай упакоўцы, а таксама на вагавое масла. Фасаванае масла тлустасцю 80% і больш, як і раней, можна прадаваць у РФ не танней за 620 расійскіх рублёў за кілаграм, а фасаванае масла тлустасцю больш за 72%, але менш за 80% — не танней за 550 расійскіх рублёў за кілаграм.
Вагавое ж масла можна прадаваць у Расію на 70 расійскіх рублёў танней па цане — 550 і 480 расійскіх рублёў за кілаграм. Трэба адзначыць, што цэны на фасаванае і вагавое масла для іншых рынкаў не адрозніваюцца. Акрамя таго, МСГХ усталявала спецыяльныя цэны для Індыі — 3,5 і 3,1 долара за кілаграм масла тлустасцю больш за 80% і менш за 80% адпаведна.
Цэны на іншыя малочныя і мясныя прадукты не карэкціраваліся.