Мінінфарм Беларусі абураны “цэнзурай” і “інфармацыйнай сегрэгацыяй”

Нечаканыя словы выкарыстала Міністэрства інфармацыі Беларусі для каментарыя наконт праблем, якія ўзніклі ў двух ютуб-каналаў беларускай дзяржаўнай прапаганды. Аказваецца, гэта “найгрубейшая праява цэнзуры па нацыянальных прыкметах і інфармацыйнай сегрэгацыі”. Спецыяльная заява з’явілася ў афіцыйных каналах Мінінфарма.

“Чарговую блакіроўку відэахостынгам YouTube культурных, забаўляльных і грамадска-палітычных каналаў беларускіх СМІ Міністэрства інфармацыі Беларусі расцэньвае як найгрубейшую праяву цэнзуры па нацыянальных прыкметах і інфармацыйнай сегрэгацыі”, – гаворыцца ў паведамленні.

Чыноўнікі настойліва рэкамендавалі беларусам выкарыстоўваць створаную імі відэаплатформу, якая, паводле версіі Мінінфарма, цэнзуру не прымяняе.

“Мінінфарм настойліва рэкамендуе грамадзянам Беларусі ў далейшым аддаваць перавагу іншым, у першую чаргу нацыянальным, відэаплатформам, якія не практыкуюць у сваёй працы падобныя дыскрымінацыйныя падыходы”, – падкрэслілі ў прэс-службе ведамства.

Варта адзначыць, што Мінінфарм Беларусі выступае ў ролі галоўнага цэнзара ў краіне. Дзясяткі тысяч інтэрнэт-рэсурсаў прызнаныя чыноўнікамі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” і блакіруюцца. Так, наш праект быў заблакіраваны для карыстальнікаў з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!