Прапагандысты заяўляюць пра блакіроўку двух каналаў на YouTube

Беларускія прапагандысты заяўляюць пра блакіроўку двух сваіх каналаў на платформе YouTube.

Пра блакіроўку аднаго з каналаў СТБ паведамілі вядучыя праграмы «Па сутнасці». Яна адбылася проста падчас трансляцыі. Прапагандысты звязалі гэта з 17 верасня, якое ў Беларусі афіцыйна адзначаецца як Дзень народнага адзінства.

«Проста цяпер, у разгар абмеркавання Дня народнага адзінства і гістарычнай праўды, IT-гігант заблакіраваў наш акаўнт. Складваецца меркаванне, што шчырая размова і экспертная ацэнка падзей 1939 года камусьці вельмі моцна колюць вочы», — заявілі на СТБ.

Таксама недаступны канал «Radio Kultura BY». Пры спробе адкрыць яго з’яўляецца папярэджанне, што акаўнт быў заблакіраваны за парушэнні ўмоў выкарыстання YouTube.

Канал «Культура» беларускага радыё ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі.

Тэлеканал СТБ раней ужо паведамляў пра выдаленне сваіх каналаў з платформы YouTube. Першы раз гэта адбылося 3 красавіка 2026 года. Разам з ім былі выдаленыя каналы беларускіх дзяржСМІ БелТА і АНТ. МЗС Беларусі прыгразіла адказам «усімі даступнымі сродкамі». 8 красавіка СТБ заявіла пра выдаленне свайго новага канала.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!