Фото: npp.by
У нацыянальным парку «Прыпяцкі» пачалася масавая міграцыя шэрых рапух. Адначасова працягваецца міграцыя травяных і вострамордых рапух, ужо чутныя шлюбныя крыкі чырванабрухіх жарлянак.
Вясновая міграцыя земнаводных — звыклая прыродная з’ява, аднак для саміх рапух і жабак яна звязаная са смяротнай небяспекай. Прачынаючыся пасля зімоўкі ў лесе, яны пераадольваюць да трох кіламетраў да найбліжэйшага вадаёма па маршрутах, якія не змяняліся сотні гадоў. Цяпер на гэтых маршрутах — асфальт і аўтамабілі. Рапухі паўзуць павольна, жабкі скачуць нізка, і кіроўцы іх практычна не заўважаюць. Спецыялісты падлічылі: для знішчэння мясцовай папуляцыі дастаткова ўсяго 60 машын у гадзіну.
У пік міграцыі шчыльнасць земнаводных на дарозе ў месцах міграцыйных калідораў дасягае некалькіх асобін на квадратны метр. У нацыянальным парку «Прыпяцкі» такія калідоры праходзяць паміж вёскамі Хваенск і Перароў, а таксама праз населеныя пункты Перароўскі Млынак і Хлупін Жыткавіцкага раёна. Кіроўцам тут рэкамендуюць зніжаць хуткасць да 30–40 км/г і старацца аб’язджаць «маленькіх пешаходаў».
У парку адзначаюць, што земнаводныя — важная частка лясной экасістэмы: адна рапуха за лета знішчае тысячы слімакоў і насякомых-шкоднікаў. Спецыялісты рэкамендуюць: убачыўшы жабку на асфальце побач з лесам, дапамажыце ёй перабрацца на вільготны бок дарогі, а пры знаку «Асцярожна, лягушкі» знізьце хуткасць.