У Латвіі дрон упаў у возера і выбухнуў. Сенсары арміі яго не заўважылі

У возера Дрыдзіс у Комбульскай воласці Краслаўскага краю Латвіі ўпаў і выбухнуў беспілотны лятальны апарат, піша Delfi. Мясцовыя жыхары паведамілі пра інцыдэнт сёння каля 8:00. Пацярпелых няма, аднак у возеры загінула рыба.

Паліцыя выехала на месца і выявіла магчымыя абломкі беспілотніка. Да абследавання шырокай зоны прыцягнутыя дадатковыя сілы: супрацоўнікі Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы з лодкай, падраздзяленні Нацыянальных узброеных сіл і дадатковыя паліцэйскія дроны. Жыхароў просяць не набліжацца да месца інцыдэнту і паведамляць пра знойдзеныя абломкі.

Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі паведамілі агенцтву LETA, што сенсары не зафіксавалі залёт беспілотніка на тэрыторыю краіны, таму SMS-апавяшчэнні насельніцтву не былі адпраўленыя.

У апошнія месяцы жыхары Латгаліі і Відзэмэ атрымлівалі папярэджанні сістэмы апавяшчэння, звязаныя з набліжэннем або ўваходам у паветраную прастору Латвіі дронаў, меркавана звязаных з вайной Расіі і Украіны. У шэрагу выпадкаў такія беспілотнікі таксама выбухалі на тэрыторыі Латвіі, уключаючы інцыдэнт 7 мая на малаўжывальнай нафтабазе ў Рэзэкнэ. Гэта прывяло спачатку да адстаўкі міністра абароны, а затым і ўсяго ўрада Эвікі Сіліні. У цяперашні час у краіне ідуць перамовы пра фармаванне новага кабінета.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!