Маці забітай у Ізраілі беларускі дамагаецца права забраць да сябе асірацелага ўнука

Маці забітай у Ізраілі ўраджэнкі Беларусі Яніны Масвады (Русінавай) дамагаецца права забраць да сябе асірацелага ўнука. Пакуль двухмесячны хлопчык знаходзіцца ў сакрэтнай крызіснай прыёмнай сям’і, а яго бабуля Ганна, якая жыве ў Беларусі, не ведае, дзе менавіта ён расце і ў якіх умовах утрымліваецца. Пра гэта амаль праз месяц з моманту забойства Яніны расказала ў Facebook ізраільская актывістка Лілі Бен-Амі.

Паводле яе слоў, мама Яніны падала праз адваката заяву на атрыманне апекі над унукам, але працэс юрыдычна складаны і можа заняць працяглы час, у тым ліку таму, што Ганна жыве за межамі Ізраіля.

“Я прапанавала Ганне, каб на пераходны перыяд дзіця перадалі ў прыёмную сям’ю, якую выбрала б сама Яніна — сям’ю, якой давярае і Ганна. Хоць у Яніны не было сваякоў у Ізраілі, тут у яе засталіся блізкія сябры, якія ўсім сэрцам любілі яе, любяць яе маленькага сына і якіх само дзіця ўжо ведае. Чаму ж так упарта настойваюць на тым, каб малога аддалі людзям, якія для яго — зусім чужыя?

Найлепшая сяброўка Яніны разам са сваім партнёрам выказалі гатоўнасць неадкладна ўзяць дзіця пад апеку. Я размаўляла з імі: яны глыбока ўзрушаныя забойствам, якое адбылося, і гатовыя зрабіць усё магчымае дзеля памяці Яніны. Яны шчыра хочуць гадаваць дзіця так, як гэта рабіла б яго мама — выхоўваць яго як уласнага сына — столькі, колькі спатрэбіцца, пакуль бабуля не атрымае ад уладаў афіцыйны дазвол забраць яго да сябе”, – расказала Бен-Амі.

Паводле яе слоў, яны знаёмыя з хлопчыкам, ведаюць яго звычкі і хочуць клапаціцца пра яго да таго часу, пакуль бабуля не атрымае дазвол самастойна выхоўваць унука.

“Ганна праз свайго адваката падала хадайніцтва аб тым, каб менавіта гэтая пара стала часовымі апекунамі яе ўнука. Яны добра ведаюць дзіця: што яму падабаецца, як ён спіць, што есць. Гэтая пара — ізраільцяне рускага паходжання, а значыць, ім блізкія культурныя традыцыі маці дзіцяці. Да таго ж жанчына працуе выхавальніцай і штодня даглядае трохмесячных немаўлят. Адказу мы пакуль не атрымалі”, – адзначыла яна.

Як сцвярджае актывістка, Ганна не ведае ні дакладнага месцазнаходжання ўнука, ні падрабязнасцяў пра ўмовы яго жыцця.

“Ёй вядома толькі тое, што гэта мусульманская прыёмная сям’я. Як ён спіць? Чым яго кормяць? Ці здаровы ён, ці добра развіваецца? Як выглядае яго пакой? Ці ёсць там іншыя дзеці? На сённяшні дзень ёй даслалі толькі некалькі фатаграфій — усяго тройчы — і адзін кароткі відэаролік. Гэта ўсё. Ніякіх асабістых сустрэч, ніякіх відэазванкоў; няма ніякай інфармацыі пра тое, што гэта за сям’я, які іх досвед або кваліфікацыя”, – расказала яна.

Сацыяльныя службы патлумачылі, што дзіця знаходзіцца ў сакрэтнай крызіснай прыёмнай сям’і, месцазнаходжанне якой не разгалошваецца.

“Падобна, было прынята рашэнне схаваць, дзе знаходзіцца дзіця — прычым не толькі ад сям’і забойцы (якая, мяркуючы па ўсім, прэтэндуе на апеку), але і ад сям’і загінулай, якая не з’яўляецца грамадзянамі Ізраіля”, – адзначыла Бен-Амі.

Актывістка таксама заявіла, што Ганне далі зразумець, што на рашэнне суда могуць паўплываць яе пражыванне ў Беларусі і той факт, што Яніна прыняла іслам перад замужжам. Паводле яе слоў, сама Яніна не вяла мусульманскі лад жыцця.

“Яніна прыняла іслам па просьбе забойцы, каб яны маглі ажаніцца, аднак на практыцы яна не вяла мусульманскі лад жыцця. Выклікае глыбокую трывогу той факт, што Ганне (…) далі зразумець: паколькі Яніна прыняла іслам, суд можа пастанавіць, што дзіця павінна выхоўваць мусульманская сям’я забойцы. Гэтую інфармацыю я атрымала ад старонняй крыніцы, якая займалася гэтым пытаннем”, – напісала яна.

20 кастрычніка павінна адбыцца камісія па пытанні апекі над хлопчыкам. Як адзначае актывістка, рашэнне трэба будзе прыняць у сітуацыі, калі расследаванне забойства яшчэ працягваецца і абвінавачанне падазраванаму пакуль не прад’яўлена. Паводле яе слоў, да гэтага моманту ў мужа Яніны захоўваюцца бацькоўскія правы.

Паводле слоў Бен-Амі, 53-гадовая Ганна мае педагагічную адукацыю і шматгадовы досвед працы з дзецьмі ранняга ўзросту. Жанчына хоча забраць унука ў Беларусь, паколькі па медыцынскіх прычынах, звязаных з бацькам Яніны, не можа пераехаць у Ізраіль.

“Ганна — таленавітая, добрая жанчына, якая страціла дачку самым жорсткім чынам; цяпер яна хоча толькі аднаго — атрымаць магчымасць з любоўю выхаваць свайго ўнука. Ганна просіць усіх нас дапамагчы ёй дамагчыся апекі над унукам, каб яна магла гадаваць яго ў любові — тут, у Беларусі, — гэтак жа, як калісьці з велізарнай любоўю гадавала Яніну. Яна гатовая зрабіць ўсё магчымае”, – напісала актывістка.

Нагадаем, 31-гадовую ўраджэнку Беларусі Яніну Масваду забілі ў ізраільскай Хайфе ў канцы верасня. У злачынстве падазраюць яе 28-гадовага мужа Алі Масваду. Падазраваны адмаўляе віну; яго абарона сцвярджала ў судзе, што жанчына сама нанесла сабе смяротныя раненні.

Яніну пахавалі ў Беларусі.

Крыніца фота: facebook.com/lilisela