31-гадовая ўраджэнка Беларусі загінула на поўначы Ізраіля. Яе мужа падазраюць у забойстве

У ізраільскай Хайфе забітая 31-гадовая ўраджэнка Беларусі Яніна Масвада. У яе застаўся двухмесячны сын. У злачынстве падазраюць яе 28-гадовага мужа Алі Масваду.

Імя загінулай паведаміла арганізацыя «Форум Міхаль Села», якая займаецца дапамогай ахвярам хатняга гвалту. Арганізацыя знаходзіцца на сувязі з сям’ёй Яніны, якая жыве ў Беларусі. Паводле слоў блізкай сяброўкі Яніны, на радзіме ў яе засталіся малодшая сястра, маці і хворы бацька.

Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, трагедыя адбылася на мінулым тыдні на вуліцы Дэрэх ха-Ацмаут у Ніжнім горадзе Хайфы. Незадоўга да поўначы 25 верасня экстранныя службы атрымалі паведамленне з кватэры сям’і. Яніну выявілі з цяжкім раненнем шыі і даставілі ў медыцынскі цэнтр «Рамбам», дзе выратаваць яе не ўдалося.

Спачатку паліцыя не кваліфікавала здарэнне як забойства. Аднак далейшае расследаванне і вынікі судова-медыцынскай экспертызы змянілі кірунак следства, пасля чаго падазрэнне засяродзілася на мужы загінулай. Паліцыя паведаміла суду пра канфіскаваныя на месцы рэчавыя доказы і папрасіла дадатковы час для правядзення следчых дзеянняў. Вывучыўшы матэрыялы, суд прыйшоў да высновы аб наяўнасці абгрунтаванага падазрэння і рызыкі перашкодзіць расследаванню і падоўжыў арышт Масвады.

Абарона падазраванага сцвярджае, што менавіта Масвада выклікаў экстранныя службы, а смяротныя раненні жанчына нібыта нанесла сабе сама. Парэзы на руках мужчыны абарона тлумачыць яго спробай спыніць жонку. У судзе Масвада заявіў, што спрабаваў яе выратаваць.

Яніна прыехала ў Ізраіль з Беларусі некалькі гадоў таму, вывучыла іўрыт, вяла блогі ў TikTok і YouTube і займалася творчасцю. Незадоўга да гібелі Яніна стала маці. Двухмесячны сын сужэнцаў быў перададзены пад апеку сацыяльных службаў.

Паводле інфармацыі сацыяльных службаў Хайфы, сям’я раней не стаяла ў іх на ўліку. Зваротаў, звязаных з гвалтам або нядобранадзейнасцю ў сям’і, таксама не паступала.

Крыніца фота: facebook.com/MichalSelaForum
Крыніца фота: facebook.com/MichalSelaForum
Крыніца фота: facebook.com/MichalSelaForum
Крыніца фота: facebook.com/MichalSelaForum