Фото: facebook.com/Lukoil.en/
Расійская нафтавая кампанія «Лукойл» заключыла пагадненне аб продажы сваіх замежных актываў. Пакупніком LUKOIL International GmbH стане амерыканская інвестыцыйная кампанія Carlyle. Здзелка не закранае актывы «Лукойла» ў Казахстане.
У заяве расійскай кампаніі гаворыцца, што пагадненне не з’яўляецца эксклюзіўным, а яго рэалізацыя залежыць ад выканання шэрагу ўмоў, у тым ліку ад атрымання пакупніком дазволу на здзелку з боку Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC).
«Лукойл» таксама працягвае перамовы з іншымі патэнцыйнымі пакупнікамі.
Продаж LUKOIL International GmbH звязаны з увядзеннем санкцый супраць «Лукойла», у першую чаргу з боку ЗША і Вялікабрытаніі. Яны ўступілі ў сілу ў кастрычніку мінулага года. Пасля гэтага «Лукойл» абвясціў пра намер прадаць замежныя актывы. Іх пакупніком меўся стаць трэйдар Gunvor, аднак Міністэрства фінансаў ЗША заявіла, што не выдасць адпаведную ліцэнзію.
Таксама СМІ пісалі пра цікавасць да актываў з боку Chevron Corp. і ExxonMobil, дзяржаўнай кампаніі Абу-Дабі ADNOC, эмірацкага кангламерату International Holding Company (IHC), бізнесмена Тода Боэлі з групай інвестараў з ААЭ, кампаніі са штаб-кватэрай у Саудаўскай Аравіі Midad Energy, а таксама аўстрыйскага бізнесмена Бернда Бергмайера.