Лукашэнка заявіў пра дынамічны характар адносін Беларусі і Зімбабвэ

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагву з Днём незалежнасці і заявіў пра дынамічнае развіццё адносін паміж дзвюма краінамі.

«Гэта свята сімвалізуе мужнасць, стойкасць і непахісную волю зімбабвійскага народа, які ў барацьбе за свабоду і права самастойна вызначаць уласны лёс адкрыў новую старонку ў гісторыі сваёй дзяржавы», — прыводзіць яго словы прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі добра вядомы “асабісты ўклад” Мнангагвы ў “станаўленне і прагрэс сучаснага Зімбабвэ, паслядоўнае адстойванне нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне ўстойлівага развіцця краіны і павышэнне дабрабыту яе грамадзян”.

“З задавальненнем адзначаю, што адносіны паміж Мінскам і Харарэ ў апошні час набылі па-сапраўднаму дынамічны характар. Падпісанне “Дарожнай карты” стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026–2030 гады, паспяховая рэалізацыя сумесных праектаў у сферы механізацыі сельскай гаспадаркі, пашырэнне двухбаковых кантактаў у сферах аховы здароўя, адукацыі, прамысловасці і іншых з’яўляюцца пераканаўчым пацвярджэннем зацікаўленасці нашых краін у далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння”, — заявіў ён.

Паводле меркавання Лукашэнкі, “беларуска-зімбабвійскія сувязі, заснаваныя на даверы, павазе і практычнай накіраванасці, працягнуць умацоўвацца на карысць дружалюбных народаў дзвюх краін”.

Ён пажадаў адрасату Мнангагве выдатнага здароўя і поспехаў у дзяржаўных справах, а ўсім жыхарам Зімбабвэ — міру і шчаслівага жыцця.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!