Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам. Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, Мнангагва знаходзіцца ў Беларусі з кароткатэрміновым рабочым візітам. Раней ён не анансаваўся.
У прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні развіцця двухбаковых адносін, выкананне дарожнай карты стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026-2030 гады. Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць у рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку з падключэннем іншых краін Афрыкі. Сярод перспектыўных напрамкаў — стварэнне лагістычных калідораў, пашырэнне прамысловай кааперацыі. Закраналіся таксама тэмы гуманітарнага супрацоўніцтва.
Як напісала выданне ZimLive, Мнангагва пакінуў Харарэ позна ўвечары ў сераду. Яго адлёт не суправаджаўся звычайнымі цырымоніямі. Дзеля паездкі ў Мінск ён нават прапусціў развітальную вячэру ў гонар старшыні Вярхоўнага суда, які сыходзіць у адстаўку, Люка Малабы, што адбылася ў чацвер. Пры гэтым сёння ў сацсетках прэзідэнта Зімбабвэ было размешчанае паведамленне пра прызначэнне пераемніцы Малабы. Ёй стала Элізабет Гваунза.