Лукашэнка растлумачыў, чаму не будзе плаціць мільярд за працу ў Савеце міру

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для працы ў Савеце міру не трэба плаціць у першыя тры гады, але ён разлічвае, што Беларусь зможа працаваць у арганізацыі бясплатна і пасля трохгадовага перыяду.

Выданне Bloomberg са спасылкай на праект статута арганізацыі і дыпламатычныя крыніцы заяўляла, што кожная з краін-удзельніц Савета павінна ўнесці ў арганізацыю больш за 1 млрд долараў. Лукашэнка абверг гэтую інфармацыю.

«Гэтыя хворыя людзі чарговы раз аспраставалосіліся. Проста трэба чытаць дакумент. Ніякіх грошай не трэба», — заявіў Лукашэнка.

Ён патлумачыў, што ўдзельнічаць у Савеце можна бясплатна першыя тры гады, а пры паспяховым супрацоўніцтве — і далей.

«Але калі ты хочаш праз тры гады яшчэ, каб цябе там не абіралі, не запрашалі і не прызначалі, — мільярд долараў заплаці, і праз тры гады працуй далей. Мільярд патрэбны, калі ты праз тры гады захочаш працаваць. Але ёсць яшчэ ўмова. Калі будзеш супрацоўнічаць, добра працаваць дзеля міру, то і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка заявіў, што для працы ў Савеце патрэбны яго досвед, а не грошы, а прасіць грошы за яго паслугі не адважыўся б нават Дональд Трамп.

«Таму хлусня гэта ўсё. Яны не ведаюць, за што зачапіцца, каб мяне дзесьці зачапіць. Як у народзе кажуць, панізіць рэйтынг, ролю і гэтак далей. Вядома, гэта важна для мяне. Але я менш за ўсё пра гэта думаю. І калі б было за што заплаціць мільярд долараў, я б заплаціў.

Але калі хочуць маю паслугу атрымаць, як і ад іншых, каго запрасілі, і яшчэ і мільярд долараў атрымаць… Гэта нават Трамп сабе такога не дазволіў бы. Таму гэта поўная хлусня, што мы павінны ўносіць нейкі мільярд долараў. Нічога абсалютна не трэба. Патрэбны досвед, патрэбныя магчымасці для таго, каб працаваць у гэтым Савеце», — заявіў Лукашэнка.

«Ніхто грошы плаціць проста так не будзе. Гэта было першае маё пытанне, якое я задаў. Не, ніякіх грошай не трэба. МЗС сур’ёзна вывучыў усе гэтыя пытанні», — супакоіў Лукашэнка.

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка ад імя Беларусі падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да Савета міру. Ён спадзяецца, што арганізацыя будзе займацца не толькі канфліктам у Сектары Газа, але і ўрэгуляваннем вайны ва Украіне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!