Лукашэнка расказаў падрабязнасці сустрэчы з Патаніным

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трымаць у рэзерве долары небяспечна, таму лепш укладваць сродкі ў інвестыцыйныя праекты. Паводле яго слоў, гэтае пытанне ён абмяркоўваў з расійскім бізнесменам Уладзімірам Патаніным, які нядаўна прыязджаў у Беларусь.

«Найбагацейшы чалавек у Расіі. Ён гатовы інвеставаць. Адзінае, пра што мы тэарэтычна разважалі, — сёння беларусы бачаць і іншыя: каму долар сёння патрэбны? Ужо нікому не патрэбны», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсліў, што трымаць долары ў рэзерве небяспечна з-за палітыкі ЗША, і прывёў у прыклад Расію, у якой заблакаваныя на Захадзе некалькі сотняў мільярдаў долараў ЗВР.

«Можна ўявіць, што будзе з… Няхай даруюць мне Эміраты, сябры нашы, у якіх трыльён прыкладна. Што яны будуць з гэтымі доларамі рабіць? Усе бачаць палітыку, якую праводзяць ЗША ў фінансавым дачыненні. Трымаць у рэзерве долары небяспечна», — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, Патанін выказаў гатоўнасць інвеставаць у праекты ў Беларусі. Мінск, у сваю чаргу, гатовы супрацоўнічаць з кампаніямі бізнесмена ў галінах кар’ернай і шахтавай тэхнікі, а таксама беспілотных апаратаў.

«Ёсць стыпендыі Патаніна. Ды дзеля бога – інвеставаць, дапамагаць у адукацыі, культуры. Фонд Патаніна ёсць. Ён гатовы фінансаваць», — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, на сустрэчы з Лукашэнкам 8 верасня Патанін заявіў, што гатовы інвеставаць у тым ліку ў Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій. Указ аб яе стварэнні быў падпісаны 10 верасня.

«То-бок такія сяброўскія добрыя адносіны і жаданне інвеставаць у нейкія праекты. Недзе — завод пабудаваць, недзе — яшчэ нешта. Мы з ім яшчэ падумаем, па якіх канкрэтных напрамках супрацоўнічаць. Але пытанне датычылася інвестыцый», — расказаў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што ў размове яны пагадзіліся, што санкцыі з’яўляюцца часам магчымасцяў.

Паводле слоў Лукашэнкі, пытанне інвестыцый таксама абмяркоўвалася з расійскім бізнесменам Дзмітрыем Мазепіным.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.