Моджтаба Хаменеи. Фото IRNA
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Моджтабу Хасейні Хаменеі з абраннем на пасаду вярхоўнага лідара і кіраўніка Ісламскай Рэспублікі Іран.
У віншаванні ад сябе асабіста і ад беларускага народа Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Моджтаба Хаменеі будзе адстойваць незалежнасць Ірана і забяспечыць яго рост.
«Іран па праве займае асаблівае месца ў гісторыі і цывілізацыйнай спадчыне чалавецтва. Вернасць іранскага народа традыцыям, стойкасць перад любымі выпрабаваннямі і імкненне да самастойнага развіцця выклікаюць шчырую павагу і прызнанне. Вы ўзначалілі краіну ў выключна складаны момант.
Нягледзячы на гэта, упэўнены, што пад Вашым кіраўніцтвам Іран працягне ісці шляхам адстойвання незалежнасці, забеспячэння стабільнага росту, захавання духоўнай спадчыны і ўмацавання сваёй ролі на міжнароднай арэне. Гэта стане найлепшай данінай памяці Вашым бацькам, родным і блізкім, а таксама ўсім іранцам, якія цяпер аддаюць жыцці дзеля абароны Айчыны», — гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь надае вялікае значэнне пашырэнню кантактаў з Іранам.
«Нашы краіны на працягу доўгага часу падтрымліваюць трывалыя сяброўскія сувязі, заснаваныя на ўзаемнай павазе і даверы. Высока цэнім адносіны партнёрства з Тэгеранам і надаём вялікае значэнне далейшаму пашырэнню кантактаў на ўсіх узроўнях», — заявіў ён.
Лукашэнка пажадаў новаму вярхоўнаму лідыру Ірана «здароўя, мудрасці і поспехаў у яго місіі, а народу Ірана — міру, мужнасці і адзінства».
Нагадаем, Савет экспертаў Ірана абраў сына Алі Хаменеі Моджтабу Хаменеі вярхоўным лідарам Ірана.