ЕАБР прагназуе рост беларускага ВУП на 1,3%

Еўразійскі банк развіцця апублікаваў летні выпуск свайго макраэканамічнага прагнозу. Ён ахоплівае перыяд 2026–2028 гадоў.

ЕАБР чакае, што ў гэтым годзе прырост эканомікі Беларусі складзе 1,3%. Прагноз паніжаны на 0,5 п.п. у параўнанні са снежаньскай версіяй прагнозу. Рост ВУП у 2027 годзе чакаецца на ўзроўні 1,6%, а ў 2028-м — 1,9%.

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжвае рост эканомікі на 2,8% у 2026 годзе. ЕБРР чакае, што беларуская эканоміка ў 2026 годзе вырасце на 1,3%, эксперты MacroBy ацэньвалі яго каля 1%. Паводле ацэнкі МВФ, беларуская эканоміка сёлета вырасце на 1,2%.

У ЕАБР у гэтым годзе прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 5,8% па выніках года, у наступным годзе яна запаволіцца да 5,5%, а ў 2028-м — да 5%.

Сярэднегадавы курс долара да беларускага рубля складзе ў гэтым годзе 3 рублі за долар, у наступным — 3,1 рубля, а ў 2028-м — 3,3 рубля.

«Прагназуем рост эканомікі Беларусі на 1,3% у 2026 годзе. Спажывецкая і інвестыцыйная актыўнасць падтрымае рост унутранага попыту. Інфляцыя, паводле нашых ацэнак, працягне запавольвацца і не перавысіць мэтавы ўзровень 7% у 2026 г. Чакаем стаўку рэфінансавання каля 9,25% на канец 2026 года, пры гэтым грашова-крэдытныя ўмовы працягнуць рэгулявацца макрапрудэнцыйнымі мерамі», — гаворыцца ў аглядзе.

Эксперты ЕАБР адзначаюць, што на пачатку года ў Беларусі назіраліся прыкметы астуджэння дзелавой актыўнасці.

«Ключавым фактарам запаволення стала скарачэнне прамысловай вытворчасці на 2,5% г/г ва ўмовах астуджэння попыту на рынку асноўнага гандлёвага партнёра — Расіі. Дадатковы ўплыў аказалі анамальна нізкія тэмпературы ў студзені — лютым: яны абмежавалі будаўніцтва і прывялі да скарачэння аб’ёму падрадных работ на 2,8% г/г у цэлым за студзень — красавік», — лічаць у ЕАБР.

Пры гэтым станоўчы ўклад у ВУП уносілі IT-сектар і транспарт. Спажывецкая актыўнасць працягвала падтрымліваць эканоміку. Дадатковую падтрымку эканамічнаму росту можа аказаць паток турыстаў з РФ. Экспарт турыстычных паслуг вырас на 13,6% за першы квартал.

ЕАБР прагназуе паскарэнне тэмпаў росту ВУП у другім паўгоддзі на фоне росту рэальных даходаў насельніцтва, станоўчай дынамікі інвестыцый, паступовага змякчэння крэдытных умоў і пашырэння экспарту паслуг.

«Рост даходаў насельніцтва падтрымае спажывецкі попыт. Індэксацыя заработных плат больш чым на 14% пры ніжэйшай інфляцыі падтрымае рост рэальных даходаў работнікаў бюджэтнага сектара. У прыватным сектары заробкі працягнуць расці на фоне дэфіцыту работнікаў. Паляпшэнне ўмоў знешняга гандлю будзе спрыяць аднаўленню тэмпаў росту эканомікі. Рост сусветных цэн дапаможа павялічыць вартасны аб’ём сыравіннага экспарту Беларусі», — гаворыцца ў прагнозе.

У ЕАБР таксама чакаюць захавання станоўчай дынамікі інвестыцый.

«Запаволенне інфляцыі адлюстроўвае спалучэнне моцнага беларускага рубля і адміністрацыйнага рэгулявання цэн. Пры гэтым рост заработных плат захоўвае праінфляцыйныя рызыкі. Адміністрацыйнае рэгуляванне працягне абмяжоўваць рост цэн. Пры гэтым такія меры могуць ствараць адкладзены цэнавы ціск і ўплываць на фінансавыя вынікі асобных галін. Моцны курс беларускага рубля ў 2026 г. будзе спрыяць стрымліванню росту цэн на непрадуктовыя тавары і зніжэнню інфляцыйных чаканняў», — дадалі ў ЕАБР.

Аўтары прагнозу вылучаюць дзве асноўныя рызыкі для Беларусі. Першая з іх звязаная з запаволеннем росту расійскай эканомікі.

«Сінхранізацыя бізнес-цыкла з Расіяй вызначае высокую залежнасць беларускай эканомікі ад расійскай. Моцнае астуджэнне спажывецкага і інвестыцыйнага попыту ў ключавога партнёра можа прывесці да скарачэння паставак беларускай прадукцыі і прамысловай вытворчасці праз абмежаваныя магчымасці пераарыентацыі на іншыя рынкі. Зніжэнне даходаў у Расіі таксама здольнае аслабіць попыт на турыстычныя і гасцінічныя паслугі ў Беларусі. У сукупнасці гэтыя фактары могуць стрымліваць унутраны попыт і абмежаваць рост ВУП», — гаворыцца ў прагнозе.

Другая рызыка звязаная з паскарэннем інфляцыі.

«Рост сусветных цэн на ўгнаенні і паліва можа выклікаць падаражанне харчавання на знешніх рынках. Для Беларусі гэта стварае рызыку паскарэння харчовай інфляцыі і ўзмацнення агульнага цэнавага ціску, што здольна запаволіць рост рэальных даходаў і спажывання. Дадатковым абмежаваннем можа стаць неабходнасць узмацнення грашова-крэдытных умоў: павышэнне стаўкі рэфінансавання будзе стрымліваць спажывецкую і інвестыцыйную актыўнасць», — заключылі ў ЕАБР.

Еўразійскі банк развіцця ў базавым сцэнары прагназуе запаволенне росту сусветнай эканомікі да 2,5%. На гэтым фоне сукупны рост эканомік краін — удзельніц ЕАБР у гэтым годзе складзе 2%.

Эканоміка Арменіі вырасце на 6%, Казахстана — на 5,5%, Кыргызстана — на 10,2%, Таджыкістана — на 8,3%, Узбекістана — на 7,9%, Расіі — на 1%.

У 2027 годзе сукупны рост эканомік краін ЕАБР паскорыцца да 2,4%.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!