Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка запрасіў на перамовы з Джонам Коўлам прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, каб падвесці вынікі рэалізацыі папярэдніх дамоўленасцяў. Пра гэта ён заявіў, вітаючы спецпасланніка прэзідэнта ЗША.
“Паважаны Джон, далёка жывём, таму рэдка бачымся. Але я вас вітаю ў Беларусі. Пра тое, што вы прыедзеце да нас, мы нічога не хавалі. Ды і вы асабліва нічога не хавалі, нам пра гэта вядома.
Нашы людзі ведалі пра тое, што вы прыедзеце. Я вам павінен сказаць, з вялікай цікавасцю грамадства ўспрымае вашы візіты. Ну а суседзі і іншыя лідары дзяржаў уважліва сочаць за нашай сустрэчай”, – падкрэсліў Лукашэнка.
“Як вы бачыце, наша кампанія крыху пашырылася. Я папрасіў прыехаць прэм’ер-міністра, каб ён падрабязна мог далажыць пра вынікі нашых мінулых кантактаў на практыцы”, – дадаў ён.
У сваю чаргу Коўл перадаў прывітанне ад Дональда Трампа, адзначыўшы, што той “усяляк падтрымлівае ўсё тое, што мы робім”.
Турчын з’яўляецца не адзіным “навічком” за сталом перамоў. З амерыканскага боку ў іх таксама ўдзельнічае Крыстафер Паніка, які замяніў Крыса Сміта, які нядаўна пакінуў Дзярждэпартамент.
Таксама ў кабінеце ў Лукашэнкі сабраліся і ўдзельнікі папярэдніх сустрэч: старшыня КДБ Іван Церцель, прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў і Сара Раян (Sarah Ryan), дарадца па стратэгічных камунікацыях Офіса спецыяльных пасланнікаў ЗША па Беларусі і Украіне.
Трэба адзначыць, што ў сакавіку, падчас папярэдняга візіту Коўла ў Мінск, было абвешчана пра зняцце амерыканскіх санкцый у дачыненні да БКК, “Беларуськалія”, Мінфіна і шэрагу банкаў. У пятніцу Лукашэнка заявіў, што Беларусь завяршае адгрузку партыі калійных угнаенняў для ЗША.