Фото: пресс-служба Лукашенко
Падчас візіту ў Верхнядзвінскі раён 16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы і абвінаваціў Латвію ў правакацыі.
«Сітуацыя тут асабліва напружаная. Вось гэтыя дзяржавы дробныя, хоць і мы не гіганцкая дзяржава, яны сябе паводзяць нахабна. Яны правакуюць буйныя дзяржавы там Германію, Францыю, Польшчу, Вялікабрытанію і штурхаюць сюды», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка паўтарыў, што без яго ведама аперацыі на мяжы немагчымыя, а значыць тое, што адбылося на латвійскай мяжы, было правакацыяй з боку Латвіі.
«Нядаўна вось правакацыі на мяжы з латышамі, нібыта вы туды нейкіх мігрантаў перакінулі. Нехта быў у масцы, барады не было відаць і іншае. Я пачаў вайскоўцаў дапытваць, памежнікаў: “Як так?” Кажуць: “Не, мы такія аперацыі не праводзілі”. Яны не маглі быць праведзены без майго ведама. Не праводзілі. Хто? Яны. Яны гэта справакавалі, яны гэта сваімі людзьмі знялі кадры і ўкінулі ў сродкі масавай інфармацыі.
Навошта? Мы ж заўсёды мірна жылі. Латышы не чужыя нам былі людзі. Але бачыце, як сябе паводзяць. Таму нам трэба на ўсялякі выпадак заўсёды быць да гэтага гатовымі. Усе павінны, не дай бог вайна, узяць у рукі зброю. Усе», — заявіў Лукашэнка.
Некалькі дзён таму ён ужо абвінавачваў Латвію ў правакацыі. На яго думку, Рыга арганізавала яе, каб атрымаць грошы ад Еўрасаюза.
Нагадаем, 6 кастрычніка ў Латвіі паведамілі пра правакацыю на мяжы з Беларуссю. Спачатку людзі ў чорным, з тварамі, схаванымі пад маскамі, меркавана ўзброеныя, выштурхоўвалі на латвійскі бок групу мігрантаў. Пазней такія ж людзі перасеклі мяжу. Пашкодзілі размеркавальную шафу, выкралі камеры назірання і вярнуліся на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым праз пару дзён у сетцы з’явіўся ролік ад імя нейкай арганізацыі «Чорныя Русы», якая ўзяла на сябе адказнасць за інцыдэнт.