Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы быў інсцэніраваны самімі латвійскімі службамі. Паводле яго гіпотэзы, за гэтым, як і за публікацыямі пра магчымыя акты агрэсіі з боку РФ, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, хаваецца жаданне краін-суседзяў атрымаць фінансаванне на ваенныя патрэбы.
“Мы выдатна ведаем, пра гэта мне ўжо далажылі, што гэта было зроблена ўсё як інфармацыйная нагода атрымаць грошы ад Еўрапейскага саюза самімі латышамі. Мы да гэтага не маем ніякага дачынення, што мы там праніклі на іх тэрыторыю – людзі ў масках, вайскоўцы – кагосьці схапілі, захапілі або заштурхнулі туды нейкую групу мігрантаў. Большай дурасці не прыдумаеш”, – сказаў Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай вынікам праверкі баявой гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС, перадае яго прэс-служба.
Нагадаем, раней у Латвіі паведамілі пра правакацыю на мяжы з Беларуссю. Спачатку людзі ў чорным, з тварамі, схаванымі пад маскай, меркавана ўзброеныя, выштурхоўвалі на латвійскі бок мігрантаў. Пазней такія ж людзі перасеклі мяжу і выкралі камеры назірання, вярнуўшыся на тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым праз пару дзён у сетцы з’явіўся ролік ад імя нейкай арганізацыі “Чорныя Русы”, якая ўзяла на сябе адказнасць за інцыдэнт.
Галоўны аргумент Лукашэнкі на карысць інсцэніроўкі – тое, што такую правакацыю маглі зладзіць толькі з яго асабістага дазволу, а з ім нічога падобнага не ўзгаднялі.
“Падобныя аперацыі з заходам на тэрыторыю суседняй дзяржавы немагчымыя без узгаднення з прэзідэнтам. Са мной падобныя рэчы не ўзгадняліся. А значыць, і не праводзіліся. Я гэта ведаю дакладна. Таму што ваша выканаўчасць абсалютна не падвяргаецца сумневу”, – сказаў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што ўсе публікацыі ў СМІ пра меркаваную пагрозу з боку Беларусі і РФ маюць тую ж мэту – атрыманне і асваенне ваенных бюджэтаў.
«Пастаянна нарастае ў сродках масавай інфармацыі гэтая хлусня, інакш не назавеш, якая скіраваная ў наш бок.
Ім патрэбныя грошы. Ні тры балтыйскія дзяржавы, былыя рэспублікі Савецкага Саюза, ні Польшча не валодаюць дастатковай магутнасцю, каб задаволіць свае хацелкі. Асабліва ў ваеннай галіне. Як Польшча – закупляе танкі, іншыя ўзбраенні, якія сёння нятанныя. Дроў для насельніцтва няма, а танкі і іншую ваенную тэхніку закупляць трэба”, – дадаў ён.
Сам жа Лукашэнка, хоць і рыхтуецца да вайны, але толькі, каб яе не дапусціць. Ён у чарговы раз запэўніў, што не збіраецца ні на каго нападаць.
“Вы, напэўна, заўважылі ў сродках масавай інфармацыі апошнім часам пільную ўвагу нашых заходніх так званых партнёраў да таго, што адбываецца ва ўзброеных сілах нашай краіны. Іх перш за ўсё занепакоіў той факт, што мы занадта часта, вельмі прадметна і інтэнсіўна праводзім праверкі частак узброеных сіл. Не толькі арміі, але ўсіх узброеных сіл.
У сувязі з гэтым, карыстаючыся цяперашнім выпадкам, хачу сказаць для іх, што ніякай надзвычайшчыны тут няма. Адкрыта і шчыра было сказана мною, што мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць. Ні на каго мы нападаць не збіраемся, як апошнім часам у СМІ нашы заходнія “сябры” разгарнулі кампанію, што Расія нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам з Беларуссю.
Другі кірунак іх так званай крытыкі ў дачыненні да Беларусі, што мы збіраемся прабіць Сувалкскі калідор у напрамку Калінінградскай вобласці. Я не хачу тут апраўдвацца перад імі. Гэта – поўная дурасць”, – сказаў ён.
Аналагічную падаплёку Лукашэнка бачыць у заявах, звязаных з ядзернай тэматыкай.
“Пачалі адкрыта спекуляваць на тэме ўдасканалення ядзернага патэнцыялу. Як гэта называюць цяпер там – ядзернага шчыта Еўропы. Хоць, гледзячы на ўжо не раз агучаныя агрэсіўныя планы асобных еўрапейскіх дзяржаў і іх лідараў, дарэчы сёння казаць не пра шчыт. Хутчэй, гэта меч у руках бяздумных палітыкаў. Але яны павінны разумець і ўсведамляць, што гэты меч двухбаковавостры. Я пра ядзерную зброю”, – папярэдзіў ён.