Лукашэнка моцна перажывае за Маскоўскую вобласць

Аляксандр Лукашэнка моцна перажывае за Маскоўскую вобласць. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з губернатарам расійскага сталічнага рэгіёна Андрэем Вараб’ёвым, які прыехаў на форум рэгіёнаў Беларусі і РФ.

Паводле слоў Лукашэнкі, Маскоўская вобласць з’яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Беларусі сярод расійскіх рэгіёнаў.

“Прыемна бачыць вас у Беларусі. І ў гэтым не толькі нашы добрыя братэрскія адносіны, але і аснова ўсяго — эканоміка. Маскоўская вобласць у нас вядучая, займае першае месца. Недзе там больш за 15 млрд долараў тавараабарот. Але я неяк на гэта не звяртаў увагі. І калі бліжэй пазнаёміўся з гэтым, я падумаў: калі 15 млрд долараў — Маскоўская вобласць, усё астатняе — уся Расія. Зусім няшмат адносна велізарнай Расіі застаецца”, — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што летась абарот узаемнага гандлю паміж Беларуссю і РФ склаў 62 млрд долараў.

“Мы гэтым вельмі даражым, Аляксандр Рыгоравіч”, — адказаў Вараб’ёў.

“І я вельмі. Але ведаю, што вам няпроста. І тавараабарот 15 млрд долараў — гэта нішто ў параўнанні з тым валавым прадуктам, які вы даяце для Расіі”, — працягнуў Лукашэнка.

“Калі мы ў нечым можам — скажыце што. Будзем абавязкова працаваць разам і рабіць усё. Я вельмі перажываю за вас. Калі сустракаюся з прэзідэнтам Пуціным, мы шмат гаворым пра Маскоўскую вобласць. Ведаючы вас у дэталях ужо, яшчэ больш пранікаюся павагай да той працы, якую вы ўкладваеце ў развіццё Маскоўскага рэгіёна разам са сваімі калегамі”, — дадаў ён.

Лукашэнка не ўпусціў магчымасці кінуць папрок неназваным расійскім чыноўнікам. Ён прапанаваў Вараб’ёву пры неабходнасці звяртацца па параду да расійскага пасла Барыса Грызлова.

“Свае людзі. Чаго тут? Складаная сітуацыя. Трэба шукаць выйсце і ў плане бяспекі, і асабліва ў плане эканомікі. Гэта для губернатараў найцяжэйшая нагрузка. Хоць я добра ведаю працу губернатараў. Дзе там у вас няма нагрузкі? Усюды хапае. Таму калі мы можам чымсьці вам дапамагчы, вы не саромейцеся, — скажыце”, — сказаў ён.

Разам з тым, паводле слоў Лукашэнкі, сярод расійскіх чыноўнікаў ёсць і іншая пазіцыя.

“Ну вось, як гэта там, беларусы… Яны зусім невялікія, і мы прасіць чагосьці будзем”. “А нічога страшнага. Вялікія, не вялікія — справа не ў велічыні, а ў магчымасцях. Калі чымсьці можам дапамагчы, значыць, дапаможам. Я пра гэта заўсёды публічна кажу і не збіраюся гэта хаваць”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!