Лукашэнка хоча цясней супрацоўнічаць з Патаніным

Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў расійскага мільярдэра Уладзіміра Патаніна, які кантралюе “Інтэрас” і “Нарнікель”. Напярэдадні Патанін падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з БелАЗам у распрацоўцы і вытворчасці падземнай горнай тэхнікі.

“Улічваючы, што “Інтэрас” – гэта не толькі “Нарыльскі нікель”, гэта шматгаліновая структура, у нас ёсць пра што весці размову. Думаю, што ёсць судакрананне многіх інтарэсаў. І я прасіў нашага прэм’ер-міністра, каб ён дэталёва вам давёў асноўныя напрамкі развіцця Беларусі і тыя пункты, дзе мы можам супрацоўнічаць, – мы адкрытыя для супрацоўніцтва. І хацелі б, каб ваша кампанія (паспяховая кампанія, нават у гэтыя складаныя часы) супрацоўнічала з Беларуссю”, – сказаў Лукашэнка.

«Дзіўна для мяне аказалася, што цікавяць і шыны вытворчасці нашай «Белшыны». І агульныя праекты па абслугоўванні і стварэнні новай тэхнікі ў Краснаярскім краі — гэта таксама для нас цікавы і перспектыўны праект. І паколькі вы шматгаліновік у сваёй структуры, ёсць і гуманітарны напрамак, і IT-сфера. Нешта мы ўмеем рабіць у Беларусі, вы цудоўна ведаеце, што мы можам рабіць. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і хацелі б, каб ваша кампанія, паспяховая кампанія нават у гэтыя складаныя часы, супрацоўнічала з Беларуссю”, – працягнуў ён.

Лукашэнка таксама назваў Патаніна земляком.

“Мы ж землякі па сваіх каранях. Дзядуля ў вас з Магілёўшчыны”, – сказаў ён.

“Я на чвэрць беларус. Так, ён такі сапраўдны селянін быў. Карані ёсць”, – адказаў Патанін.

“Усё да таго, каб вы звярнулі ўвагу на Беларусь і мы больш цесна з вамі ў гэтым плане супрацоўнічалі”, – заключыў Лукашэнка.

Патанін у сваю чаргу сказаў, што разглядаў магчымыя напрамкі супрацоўніцтва перад паездкай. Ён таксама рады, што яны ўжо ператвараюцца ў канкрэтныя праекты. Патанін таксама расказаў пра падпісаны ўчора дакумент.

“Гэта нам дазваляе не толькі вырашыць пытанне насычэння горнай тэхнікай нашага прадпрыемства. Сумеснае супрацоўніцтва дазволіць стварыць новую лінейку тэхнікі, якая, паводле нашых разлікаў, нашых надзей, будзе паспяхова канкурыраваць з найлепшымі ўзорамі.

Таму што мы дадаём туды элементы працы, звязаныя з беспілотнымі праектамі, з новымі тыпамі рухавікоў – больш эканамічнымі, бяспечнымі. І ўвогуле паспрабавалі злучыць наша супрацоўніцтва ў галіне традыцыйнай горнай тэхнікі і іншых галінах з распрацоўкамі ў галіне штучнага інтэлекту, працы з вялікімі данымі”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!