БелАЗ і “Нарнікель” створаць сумеснае прадпрыемства

БелАЗ і “Нарнікель” створаць сумеснае прадпрыемства. Адпаведнае пагадненне ў панядзелак падпісалі гендырэктар беларускага прадпрыемства Сяргей Лесін і кіраўнік “Нарнікеля” Уладзімір Патанін.

Яно прадугледжвае стварэнне прадпрыемства для вытворчасці шахтавай тэхнікі, укаранення беспілотных тэхналогій, а таксама прадпрыемства з поўнапрофільнай рамонтнай базай з мэтай развіцця вытворчасці, рамонту і абслугоўвання падземнай горнай тэхнікі.

БелАЗ і «Нарнікель» пачалі актыўнае супрацоўніцтва ў галіне падземнай горнай тэхнікі ў 2022 годзе. Вынікам на дадзены момант з’яўляюцца шэсць тэставых шахтавых самазвалаў (МоАЗ-75851) і першая пагрузачна-даставачная машына (ПДМ МоАЗ-4076). Яны праходзяць выпрабаванні ў Нарыльску. Таксама цяпер ідуць заводскія выпрабаванні найноўшага падземнага комплексу машын для пагрузкі і транспарціроўкі горнай масы – 45-тоннага шахтавага самазвала (БЕЛАЗ-75855) і пагрузчыка грузападымальнасцю 17,2 тоны (ПДМ БЕЛАЗ-79550).

Акрамя традыцыйных дызельных машын БелАЗ ужо працуе над тэхнікай на альтэрнатыўных крыніцах энергіі. У наступным годзе плануецца пачаць доследна-прамысловыя выпрабаванні акумулятарных кар’ерных самазвалаў, праходзіць заводскія выпрабаванні акумулятарная пагрузачна-даставачная машына.

Фота: БелАЗ
Фота: БелАЗ
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!