Лукашэнка думае, як дапамагчы і не кінуць Венесуэлу

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскай Кіраўскай вобласці Аляксандрам Сакаловым заявіў, што разам з Расіяй думае, як падтрымаць Венесуэлу. Ён выкарыстаў сустрэчу для некалькіх знешнепалітычных заяў. У прыватнасці Лукашэнка адзначыў, што хоча бачыць Беларусь не раздзяляльнай лініяй, а мостам паміж Усходам і Захадам. Ён таксама ў чарговы раз заклікаў Украіну пайсці на саступкі.

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на прамалінейнасць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Глядзіце, ён адкрыта кажа: “Нам патрэбна Венесуэла, бо там ёсць нафта. Нам патрэбна Грэнландыя, бо для абароны важна і рэдказямельныя металы, нафта, газ — усё там ёсць”. Ён адкрыта пра гэта кажа. Чаго дыпламаты не прымаюць. Ды і я. Ты ўжо памаўчы, што там нафта, кажы, што там наркабароны, змагайся супраць іх. А ён адкрыта кажа: яму патрэбна нафта. “І калі вы, еўрапейцы, наша не будзеце купляць, то вам канец, мы вас усіх пераб’ём і гэтак далей і таму падобнае”. У адкрытую», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, Беларусі і Расіі ў гэтай абстаноўцы трэба арыентавацца на сваё і ні ў якім разе не трапляць у залежнасць ад іншых.

«Сяброў вакол вельмі мала. А калі і ёсць, то ёсць пэўныя праблемы. Венесуэльцы не былі нам ворагамі. Але… Як вось цяпер на такой адлегласці… Думаем, як дапамагчы і не кінуць гэтую краіну, бо сяброў губляць нельга. А тут, побач, трэба сваё прастору як-небудзь нам надзейней абараняць. Трэба больш актыўнымі тут быць», — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што днямі паведамлялася пра сустрэчу пасла Беларусі ў Венесуэле Дзмітрыя Дзеравінскага ў МЗС краіны. Беларускі дыпламат пацвердзіў «поўную падтрымку і салідарнасць Беларусі з народам і баліварыянскім урадам Венесуэлы ў пытаннях абароны нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнага суверэнітэту».

Лукашэнка ў гэтым кантэксце заклікаў расійскага госця арыентавацца на сваё.

«Мы ў адной лодцы. Таму, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным вызначыліся, арыентавацца трэба на сваё. Санкцыі, не санкцыі — трэба арыентавацца на сваё», — сказаў ён.

Ён дадаў, што трэба быць такімі ж прамалінейнымі, як Трамп.

«А мы чагосьці баімся. Чаго нам баяцца? Працаваць трэба, з кіраўцамі ў тым ліку, каб яны куплялі тваю прадукцыю і каб яна па якасці, па цане была прымальнай для кіраўцаў. Не проста “на табе”, усунуць. Дурняў жа няма сёння», — сказаў ён.

Скарыстаўшыся выпадкам, ён прарэкламаваў аўтамабіль BelGee, які па выніках 2025 года атрымаў «Знак якасці».

«Вядома, крутыя хлопцы ўсё роўна будуць імкнуцца купіць які-небудзь “Мерседэс” ці “Аўдзі”. Ну і на здароўе. Яны купяць, у іх грошы ёсць. Але для сярэдняга расіяніна і беларуса, ніжэй за сярэдні, мы стваралі гэты народны аўтамабіль. Я пра гэта марыў. Стварылі добры аўтамабіль. Ёсць што прадаваць і можам прадаваць. Трэба арыентавацца на сваё. Бо з агню ў полымя мы можам ускочыць хутка, а вось як адтуль потым выбірацца? Таму трэба вырабляць сваё», — дадаў ён.

Ён адзначыў, што ёсць паспяховыя прыклады сумесных вытворчасцяў. Разам з тым яшчэ ёсць праблемы, якія трэба вырашаць.

«Ёсць яшчэ шэраг праблем, якія трэба вырашаць. Але мы іх з прэзідэнтам Пуціным вырашым. Галоўнае, каб нас разумелі і губернатары, і кіраўнікі прадпрыемстваў, што трэба сваё. Тэхналогіі. Слухайце, колькі тэхналогій у нас. І з савецкага часу, якія мы проста выкінулі, забылі, кінуўшыся на заходняе. А цяпер зразумелі, што ў нас жа былі нармальныя тэхналогіі. І яны сёння жывыя і здаровыя, іх трэба выкарыстоўваць. Трэба рабіць сваё. Мы можам забяспечыць сваю незалежнасць практычна па ўсіх напрамках», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка дадаў, што беларуская мікраэлектроніка запатрабаваная як у ваеннай, так і ў грамадзянскай тэхніцы.

«Трэба перажыць гэтыя ліхалецці. Будзе эканоміка — і ваяваць зможам, і абараняцца, і людзей накарміць і апрануць. Калі эканомікі няма — і працы людзям няма. Але галоўнае — настрою ў людзей няма. А ўсё астатняе — маразы, снягі, гэтыя заносы — мы перажывём, у нас усяго хапае», — заключыў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!