Лукашэнка даручыў будаваць танныя і функцыянальныя цялятнікі

Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка наведаў малочна-таварны комплекс ААТ «Агра-Лясковічы» ў Петрыкаўскім раёне. Адной з галоўных тэм стала вартасць будаўніцтва цялятнікаў. Лукашэнка запатрабаваў, каб такія аб’екты ўзводзіліся “танна і функцыянальна”, без лішкаў.

«Нам не патрэбныя квадратныя метры, нам патрэбны функцыянальны цялятнік на колькасць галоў», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, калі гаспадаркі будуюць за ўласныя сродкі, яны могуць узводзіць аб’екты любой вартасці, а бюджэтныя сродкі неабходна расходаваць рацыянальна.

“Будаваць у два разы даражэй “палацы”… Калі за свае грошы, я буду вітаць дарагія “палацы” для гэтых малых”, — адзначыў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што для будаўніцтва цялятнікаў у мэтах эканоміі можна ўжываць драўніну.

«У нас згніе лес на ўскраінах. Зрабіце цялятнік, ён прастаіць на 20% менш па тэрмінах, чым гэты — пабудуем новы. Можа, разбагацеем», — прыводзіць яго словы прэс-служба.

Ён таксама паставіў задачу больш актыўна развіваць мясную жывёлагадоўлю.

“Трэба актыўней гэта развіваць, — сказаў Лукашэнка пра вырошчванне буйной рагатай жывёлы мясных парод. — Попыт будзе”.

Паводле яго слоў, у свеце расце попыт і на харчаванне, і на ўгнаенні, а разам з гэтым павышаюцца і цэны.

“Наш час, па-мойму, прыходзіць. Нездарма ўкладвалі ў сельскую гаспадарку”, — заявіў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!