Лукашэнка: Абвальнай прыватызацыі не будзе

Размаўляючы з журналістамі на Абуз-Лясноўскім палігоне, Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні прыватызацыі і прыватнай уласнасці на прыкладзе Віцебскай вобласці і кампаніі «Сервалюкс».

Ён заявіў, што не супраць прыватнай уласнасці, але «асцярожны з прыватызацыяй».

Лукашэнка вярнуўся да абмеркавання ўмоў выкупу гаспадарак у Дубровенскім раёне кампаніяй «Сервалюкс» і адпаведнага праекта ўказа.

«І нават вось цяпер па калгасах: гатовыя ўзяць калгасы. Гатовыя, але толькі за базавую велічыню. Ну, хлопцы, ну як за базавую? Ну вы хоць вы хоць нешта заплаціце», — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, выкуп за адну базавую — гэта мала, бо нават у дрэнных гаспадарках ёсць людзі, жывёлы, памяшканні для іх і сельскагаспадарчая тэхніка.

«Як за базавую велічыню? Давайце нешта заплаціце з улікам тых даўгоў, якія ў дрэнных гаспадарках ёсць», — прапанаваў Лукашэнка.

Лукашэнка звярнуў увагу, што прыватным інвестарам прапануюць найперш праблемныя гаспадаркі. Паводле яго слоў, такіх гаспадарак у Беларусі няшмат, але яны ёсць у Віцебскай вобласці.

«Там, аказваецца, тэхнікі малавата. Дык гэта наша тэма. Тэхнікай дапамаглі. Таму своечасова рапс пасеялі – такога ніколі не было. Каля мільёна тон збожжа атрымалі. Але гэта толькі першыя крокі», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка папярэдзіў, што масавай прыватызацыі ў Беларусі не будзе, а рашэнні аб прыватызацыі тых ці іншых актываў прымаюцца асабіста ім.

«Справа тут не ў тым, прыватныя ці не прыватныя. Справа не ў гэтым. Палітыка гэта будзе працягвацца. Мы не будзем праводзіць нейкую шокавую тэрапію, абвальную прыватызацыю. Яе не было і не будзе. І народ да гэтага ўжо прывык. І, ведаеце, гэта вельмі небяспечная прыватызацыя. Я яе не выключаю, але ў нас прыватызацыя амаль забароненая. Таму што яна прымаецца на ўзроўні прэзідэнта», — адзначыў ён.

Лукашэнка адзначыў, што адна з праблем — немагчымасць прымусіць жанчын нараджаць. Таму ў Беларусь запрасілі працоўных мігрантаў з Узбекістана.

“Ну вось не можам мы жанчын нашых прымусіць нарадзіць. Добра, калі беларусы будзеце за траіх працаваць — ніякіх узбекаў мы клікаць не будзем. Але не хочуць жа. І не могуць, аб’ектыўна не могуць. Ну добра, давайце кантралявана запросім. Прыехалі, паглядзелі — не, хлопец, ты давай назад у самалёт. А вось 200 чалавек працуюць. Трымаю сам на кантролі. Як працуюць? Добра працуюць”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, узбекскі бок таксама зацікаўлены ў накіраванні працоўных мігрантаў у Гомельскую вобласць.

«Некаторыя прыехалі ў Гомельскую вобласць, вось я губернатараў дапытваю часта: «Іванавіч, як у цябе?» — «А вось прыехалі з Узбекістана, патрабуюць гародніну вырошчваць». Я кажу: «Бог з табой, там сваёй гародніны хапае». Мы ж дамовіліся, што яны тут вырабляюць, і мы прадаём ва Узбекістан гэта разам з імі. Каб і ў іх грошы былі, і дзяржава ж павінна нешта мець.

Таму вось патрэбны людзі, якія будуць вырабляць мяса і малако. У гэтым іх інтарэс. Другі інтарэс — гэта працаўладкаваць беспрацоўных. У іх амаль 40 мільёнаў на палове ці траціне тэрыторыі, толькі прыдатнай, астатняе ж пустыня. Мы гэта разумеем. Мы гатовыя дапамагаць, браць людзей. Узбекі — працавітыя, добрыя людзі. Ну, бываюць выключэнні, мы іх сюды не возьмем, у нас вельмі жорсткі кантроль», — заявіў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!