Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка сёння сабраў нараду “па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця”. Так яе тэму ахарактарызавала прэс-служба Лукашэнкі. Гаворка ішла пра “мадэрнізацыю сельгасвытворчасці” і перадачу “дзяржаўных актываў у аграпрамысловым комплексе ва ўпраўленне прыватным кампаніям” на прыкладзе Віцебскай вобласці, дзе раней некаторыя прадпрыемствы былі перададзены ва ўпраўленне структурам бізнесменаў Яўгена Баскіна і Аляксандра Машэнскага.
Адкрываючы нараду, Лукашэнка прама сказаў, што гаворка пойдзе пра прыватызацыю.
“Тэма нашай сённяшняй размовы. Ну, па-першае, яна традыцыйная, пра што я заўсёды кажу. Калі ёсць у мяне нейкія пытанні да прыняцця рашэння па тым ці іншым нарматыўным прававым акце прэзідэнта, у дадзеным выпадку ўказе, калі ёсць такія ў мяне пытанні, мы збіраемся разам, абмяркоўваем іх, каб прыняць выверанае і дакладнае рашэнне.
Па-другое, на прыкладзе Віцебскай вобласці мы будзем разглядаць адно з пытанняў. Але гэта не значыць, што мы разглядаем пытанне рэарганізацыі, рэфармавання сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі, у прыватнасці, у Віцебскай вобласці. Канкрэтызую па-народнаму: як вы там лічылі, усе гэтыя грошы, не грошы і іншае – гэта ваша справа.
Ва ўрадзе дастаткова разумных людзей. Ну а пра Камітэт дзяржкантролю я не кажу. Гэта ваш хлеб, дзяржаўная ўласнасць, грошы, бюджэт і іншае. Гэта, перш за ўсё, ваш хлеб. Таму вы павінны не проста лічыць, а пералічыць тое, што прапануюць урад і спецыялісты, і далажыць ужо прэзідэнту разам з прэм’ер-міністрам.
Але мы на прыкладзе Віцебскай вобласці сёння разгледзім варыянт, так скажам, рэзка сказаць, прыватызацыі. Але гэта падобна на тое, што мы дзяржаўную ўласнасць перадаём ва ўпраўленне, а затым прадаём або адразу прадаём у частцы сельскагаспадарчай вытворчасці калгасаў і саўгасаў прыватным кампаніям”, – сказаў ён.
Са слоў Лукашэнкі вынікае, што яму прапанаваны праект указа, які замацуе такую практыку. Яе разбіралі на прыкладзе Віцебскай вобласці.
“Вось на прыкладзе Віцебскай вобласці мы разгледзім гэтае пытанне. Таму без вашай гэтай канкрэтыкі, як вы там лічылі, гэта ў канчатковым варыянце даклада па ўказе вы мне прапішаце ўсё і даложыце. Але гэта як прыклад. Мы вызначылі ў пачатку года для Віцебскай вобласці канкрэтны пакрокавы антыкрызісны план, пачынаючы ад грошай і заканчваючы кадравымі перастаноўкамі. Напрыклад, там новы губернатар.
Адным з элементаў гэтага антыкрызіснага плана была перадача недастаткова эфектыўных прадпрыемстваў ва ўпраўленне новаму ўласніку, які валодае пісьменным кіраўніцкім патэнцыялам і, галоўнае, фінансавымі рэсурсамі для таго, каб аздаравіць, ажывіць гэтыя прадпрыемствы, атрымаць добрую канчатковую прадукцыю, прадаць або на ўнутраным, або на знешнім рынку.
У рамках дадзенай стратэгіі прынята рашэнне аб перадачы “Аршанскага мясакамбіната” “Агракамбінату “Дзяржынскі” і замацаванні асобных сельгасарганізацый Аршанскага раёна за “Савушкіным прадуктам”. Акрамя таго, з названым інвестарам заключаны дагавор арэнды маёмасці “Полацкага малочнага камбіната” для далейшага паскоранага развіцця”, – нагадаў Лукашэнка.
Ён не прамінуў папярэдзіць чыноўнікаў, што за поспех плана яны адказваюць асабіста.
“Хачу папярэдзіць губернатара і прэм’ер-міністра: галавой адкажаце за тое, каб там было ўсё з пункту гледжання дзяржавы нармальна”, – дадаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што чыноўнікі павінны стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў і клапаціцца пра тое, каб прадаць актывы даражэй.
“Пры тым вы перадаваць, прадаваць, асабліва прадаваць, прадпрыемствы павінны як свае. Вядома, Жэня Баскін хоча атрымаць танней, таму… Але гэта натуральна. Як бы ён там ні казаў нам, што так, ён зацікаўлены, ён патрыёт. Вядома, патрыёт, вядома, зацікаўлены. Але навошта плаціць лішнія грошы? Гэта натуральна. Таму як інвестар “Савушкін прадукт” або Баскін хочуць атрымаць танней. Але вы павінны, адкрыта вам кажу, прадаць даражэй. Гэта, па-мойму, нармальны варыянт. Але мы павінны разумець, што галоўнае ж не атрымаць нейкія грошы ад гэтых прадпрыемстваў. Гэта важнае пытанне, але не галоўнае. Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся”, – сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка прызнаў, што рашэнні аб перадачы сельгасактываў – гэта нагрузка для прыватніка.
“Трэба разумець, што такія рашэнні не падарунак прыватніку, а хутчэй нагрузка. Забіраючы перапрацоўку, трэба разумець, што табе намалююць 20-30 сельгаспрадпрыемстваў, якім трэба добра плаціць і адтуль забіраць малако на “Полацкі малочны камбінат”. Менавіта такая павінна быць палітыка, а не проста: “Забірай і ўсё”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, урад таксама прапаноўваў перадаць дзесяць арганізацый Дубровенскага раёна і прадпрыемства “Віцебскі бекон” групе кампаній “Сервалюкс”. Ужо прынята рашэнне аб перадачы паўнамоцтваў кіраўніка групе. Цяпер жа “Сервалюкс” выказаў гатоўнасць выкупіць названыя арганізацыі і ўзяць на сябе абавязацельствы па іх далейшым развіцці. Унесены праект указа, які прадугледжвае продаж кожнай арганізацыі за адну базавую велічыню. Разам з тым на новага ўладальніка ўскладаецца шэраг абавязацельстваў, у тым ліку пагашэнне запазычанасці і інвеставанне.
“Жалезабетонна з іх будзе попыт. З Машэнскага – за тое, каб свая сыравіна была, і з Баскіна ў тым ліку. Калі ласка, курэй, ялавічыну і іншае атрымлівай, кармі. Ну вось зямля – там вырабі. Добра заплаці тым, хто табе будзе вырабляць, дапусцім, збожжавыя каласавыя. Заплаці тым людзям. Усё ад зямлі, ад сялян. Таму гэта чарговае пытанне, каб губернатар і ўсе вы разумелі маю палітыку ў гэтым плане. Мы з вамі павінны быць жалезабетонна дзяржаўнымі людзьмі, але і інвестары, як мы іх называем, павінны разумець. Кінь наперад – там знойдзеш. Гэта не я прыдумаў. Але трэба разумець, што нашы вось гэтыя дзеянні, такія рашэнні не падарунак прыватніку, а хутчэй нагрузка. Гэта мы ўсе разумеем.
У кожным выпадку зафіксаванае абавязацельства па захаванні працоўных месцаў. Для нас абсалютна неактуальна Аляксандр Генрыхавіч (Турчын – заўв.), што вы мне гэта пішаце з Крутым. Мадэрнізацыя вытворчасці і, важна, і пагашэнню раней назапашаных абавязацельстваў. Абавязацельствы, натуральна, няпростыя, гэта таксама трэба ўлічваць. Але ты бярэш гэта – бяры! І за кошт мадэрнізацыі, кіравання вытворчасцю, тэхналагічных нейкіх працэсаў і іншага ты атрымаеш пэўна аддачу”, – сказаў Лукашэнка.
Ён таксама паўтарыў патрабаванне, якое датычыцца заробленых бізнесам грошай.
“Ну, давайце адкрыта. Тыя, з кім мы вядзём размову, яны ж у нас не жабракі і маюць дастаткова нядрэнныя даходы. І дзякуй богу! Гэта нашы людзі, нашы грамадзяне, няхай зарабляюць. Але не дай бог, Васіль Мікалаевіч (Герасімаў – заўв.), я даведаюся, што гэтыя грошы хоць капейка, хоць паўкапейкі, як вы мяне з Галоўчанкам пераконваеце, сыдуць за межы краіны. Усё заробленае павінна быць тут”, – падкрэсліў ён.