Лукашэнка абнавіў склад дзяржсакратарыята Савета бяспекі

Аляксандр Лукашэнка сёння зладзіў кадравы дзень. Ён абнавіў кіраўніцтва дзяржсакратарыята Савета бяспекі Беларусі.

Як паведамілі ў яго прэс-службе, намеснік дзяржсакратара Аляксандр Невяроўскі прызначаны першым намеснікам.

Таксама на пасаду намесніка дзяржсакратара прызначаны Андрэй Гарбаценка, які да гэтага кіраваў Ваеннай акадэміяй.

Настаўляючы прызначэнцаў, Лукашэнка адзначыў, што ім даводзіцца працаваць у няпросты перыяд.

“Няпросты не таму, што нас акружаюць рознага кшталту прайдзісветы ад палітыкі і ў ваенных адносінах нашы сапернікі (калі не сказаць больш жорстка). Не таму”, – сказаў ён.

На яго думку, складанасць працы найперш звязана з праверкай, якая праводзіцца па загадзе Лукашэнкі ў абыход міністра абароны. Па яе выніках вызначаюцца задачы, якія давядзецца вырашаць прызначэнцам.

“Гэта прыклад, як мы будзем дзейнічаць далей”, – сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе праверку.

“Аляксандр Віктаравіч прымаў непасрэдны ўдзел у гэтай праверцы, бачыў усё на ўласныя вочы. Думаю, і вы не ўбаку былі. У бліжэйшы час мы падвядзём вынікі. І вось тут для вас вельмі сур’ёзны час. Самая галоўная выснова, якую мы павінны зрабіць з гэтай праверкі, я ўжо нядаўна абазначыў: мы павінны па-сапраўднаму рыхтаваць афіцэрскі склад. Гэта ўжо ваша цяперашняя задача. Ды яна будзе перад вамі стаяць заўсёды. З гэтым прыцэлам я і вырашыў прызначыць вас – каб мы бачылі гэтую галоўную праблему.

Ідэальных вайскоўцаў не будзе. Нават у ваенны час. Мы гэта бачым па Украіне з аднаго і другога боку. Гэта мая асабістая выснова, і не толькі мая. Людзі будуць розныя: і добра падрыхтаваныя, і менш падрыхтаваныя. Але я загадзя папярэджваю ўсіх: хто будзе добра гатовы да вайны, той будзе жыць. Хто цяп-ляп – той жыць не будзе”, – сказаў Лукашэнка, у цэлым паўтарыўшы тое, што ён казаў, наведваючы нядаўна палігон, дзе праводзілася праверка па яго загадзе.

Ён падкрэсліў, што падрыхтоўка афіцэраў не ідэальная, у гэтым ён бачыць недапрацоўку Савета бяспекі, а таксама ваеннай адукацыі.

“Галоўнае – гэта афіцэр, камандзір узвода, роты і гэтак далей. Калі ён будзе падрыхтаваны, ён захавае салдат, сваіх падначаленых, ён захавае хлопцаў на полі бою. Тое, чаго яны не дацягваюць у сілу сваёй расхлябанасці: “Ай, чаго там, не будзе гэта вайна…” У вайне, у баі гэта ўсё будзе выяўлена. І тое, чаго яны не разумелі на грамадзянцы, афіцэр у ваенны час павінен падказаць ім, як дзейнічаць”.

Сказаць, што ў нас ідэальна ў гэтым дачыненні, – не. І гэта вашы недапрацоўкі. Таму ў новай пасадзе вы жорстка павінны кантраляваць падрыхтоўку нашых вайскоўцаў не толькі ў частках Узброеных Сіл, але і ў акадэміі”, – сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!