Фото: Belamarket Duty Free
Літоўскі тэлеканал LRT апублікаваў расследаванне пра сувязі літоўскага бізнесмена Артура Гранца, які мае беларускае і армянскае грамадзянства, з упраўленнем справамі Аляксандра Лукашэнкі.
У Літве Гранц валодае адным з самых дарагіх рэстаранаў Вільнюса HeJi і раскошным гатэлем Esperanza Resort у Тракаі. Але ў яго ёсць яшчэ адзін бізнес — літоўская кампанія Mello Trading. Яна сумесна з прадпрыемствам Dipmarket з сістэмы ўпраўлення справамі Лукашэнкі валодае сеткай магазінаў бяспошліннага гандлю Belamarket Duty Free. Mello Trading належыць 50,1% сеткі, астатняе — у Dipmarket. У сетцы налічваецца 30 магазінаў.
Афіцыйна Mello Trading заяўляе, што не працуе ў Беларусі.
«Мы паведамляем вам, што не ажыццяўляем і не ажыццяўлялі ніякай эканамічнай або камерцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Мы валодаем толькі фінансавымі актывамі ў гэтай юрысдыкцыі, але ў сувязі з дзеючымі абмежаваннямі і/або прававымі абставінамі не маем магчымасці іх рэалізаваць», — гаворыцца ў заяве кампаніі.
Разам з тым, як высветліў партнёр LRT — беларускае расследавальнае выданне “Бюро”, у мінулым годзе сетка бяспошліннага гандлю атрымала 17 млн еўра выручкі і 2 млн еўра прыбытку.
У Mello Trading заявілі, што не атрымліваюць дывідэнды ад беларускага актыву ні наўпрост, ні праз трэція краіны, уключаючы ААЭ.
«Выплата дывідэндаў у гэты перыяд была фактычна немагчымая з-за дзеючых у Беларусі фінансавых абмежаванняў», — заявілі ў кампаніі.
Паводле даных літоўскіх рэестраў, кампанія сапраўды атрымлівала дывідэнды з Беларусі ў 2022 годзе ў суме каля 200 тыс. еўра. Да гэтага, у 2020 і 2018 гадах, дывідэнды з Беларусі для яе складалі больш за 1,5 млн еўра.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі дзейнічаюць абмежаванні на выплаты дывідэндаў інвестарам з так званых недружалюбных краін, да якіх адносіцца і Літва. Выплата дывідэндаў у такіх выпадках магчымая толькі з дазволу ўладаў.