«Людзі п’юць з балота» – Лукашэнка абурыўся якасцю вады ў Смаргоні

Падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на скаргі жыхароў Смаргоні на якасць вадаправоднай вады і запатрабаваў аператыўна вырашыць праблему.

«Чаму людзі скардзяцца, што яны тут п’юць з “балота” ваду? Гэта недапушчальна. У наш час у краіне, дзе лішкі вады, у нас людзі п’юць з “балота” ваду», – заявіў ён.

У Смаргоні Лукашэнка наведвае вытворча-лагістычны комплекс ТАА «Белагратэрмінал». Падчас паездкі запланаваныя даклады аб сацыяльна-эканамічным развіцці Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў, а таксама Гродзенскай вобласці ў цэлым.

Падчас наведвання прадпрыемства плануецца абмеркаваць стан і перспектывы развіцця алейна-тлушчавай галіны Беларусі.