Фото: МИД Литвы
23 верасня МЗС Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве ноту пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы Літвы метэазондамі ў ноч з 21 на 22 верасня.
З-за залёту паветраных шароў кантрабандыстаў Віленскі аэрапорт вымушаны быў прыпыніць працу на некалькі гадзін. Быў адменены шэраг рэйсаў.
«Міністэрства падкрэсліла, што падчас гэтага інцыдэнту была створана непасрэдная пагроза бяспецы грамадзянскай авіяцыі. Давялося ўвесці часовыя абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы, якія паўплывалі на грамадзянскія авіярэйсы і парушылі планы пасажыраў.
Літва расцэньвае гэты і іншыя аналагічныя выпадкі, зафіксаваныя ў апошнія месяцы, як сістэматычныя дзеянні гібрыднага характару, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы», — заяўляе МЗС Літвы.
Літоўскі бок патрабуе ад Беларусі неадкладна прыняць меры для спынення падобных парушэнняў, забяспечыць кантроль дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы і прыняць меры па барацьбе з кантрабандай.
Літва пакідае за сабой права прыняць дадатковыя меры для забеспячэння бяспекі дзяржаўнай мяжы, паветранай прасторы і грамадзянскай авіяцыі, калі падобныя інцыдэнты паўторацца.