Аэропорт Вильнюса. Фото: Reform.news
Аэрапорт Вільні сёння ўначы прыпыняў працу з-за метэазондаў кантрабандыстаў.
Як паведамілі ў кіруючай кампаніі паветранай гавані, абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы былі ўведзеныя ўчора ў 23:25 і дзейнічалі да 2:45 сёння. Яны ўводзіліся, паколькі “ў зонах павышанай рызыкі для авіяцыі зафіксаваныя радыёлакацыйныя меткі, характэрныя для паветраных шароў”.
Былі закранутыя 17 рэйсаў і больш за 3100 пасажыраў. 12 рэйсаў былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты: чатыры — у Рыгу, адзін — у Варшаву, сем — у Каўнас. Тры рэйсы былі затрыманыя, а два рэйсы адмененыя.
Сёлета аэрапорт Вільні закрывалі з-за паветраных шароў, якія ляцелі з боку Беларусі, ужо больш за 10 разоў. Трэба адзначыць, што ў восеньскія месяцы кірунак ветру часта спрыяе кантрабандыстам, якія выкарыстоўваюць метэазонды для перакідкі цыгарэт у Літву з Беларусі. Летась у кастрычніку-снежні падобныя інцыдэнты былі вельмі частымі. На іх фоне Літва нават закрывала сухапутную мяжу з Беларуссю.