Фото: ЕГУ
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс мае намер звярнуцца да краін Еўрасаюза з заклікам безумоўна асудзіць рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Сёння ў Люксембургу адбудзецца пасяджэнне Савета ЕС па замежных справах.
“Міністр замежных спраў Літвы выступіць з заявай наконт сітуацыі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце – пасля таго, як Беларусь 14 красавіка абвясціла гэтую ўстанову “экстрэмісцкай арганізацыяй”, міністр мае намер прыцягнуць увагу да наступстваў гэтага рашэння на еўрапейскім узроўні і заклікаць ЕС да адказных дзеянняў”, – гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.
Як удакладнілі ў МЗС для агенцтва ELTA, гаворка можа ісці ў тым ліку пра ўвядзенне санкцый супраць беларускіх службовых асоб, якія датычныя да рашэння адносна ЕГУ. Акрамя таго, Будрыс будзе заклікаць да аказання дадатковай фінансавай і палітычнай падтрымкі ЕГУ.