Латвійскім дэпутатам самакіраванняў забаранілі ездзіць у Беларусь

Сейм Латвіі прыняў папраўкі да Закона аб абмежаванні дзеянняў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы.

Як паведамляе LSM, яны прадугледжваюць забарону на паездкі ў Беларусь і Расію для дэпутатаў самакіраванняў. Раней такую меру ўвялі ў дачыненні да асобных катэгорый службовых асоб і работнікаў, а таксама дэпутатаў Сейма.

Аўтары паправак абгрунтавалі новую меру тым, што службовым асобам самакіраванняў даступная падрабязная інфармацыя аб крытычнай інфраструктуры, планах грамадзянскай абароны, транспартных і лагістычных вузлах, а таксама аб іншых рэсурсах, якія знаходзяцца ў распараджэнні муніцыпалітэтаў.

Латвійскі Сейм сёння таксама прыняў закон, якім грамадзянам Беларусі і РФ забараняецца валодаць крытычнай інфраструктурай у Латвіі.