Грамадзянам Расіі і Беларусі забаранілі валодаць крытычнай інфраструктурай у Латвіі

Грамадзяне Расіі і Беларусі не змогуць набываць істотную долю ўдзелу або аказваць вырашальны ўплыў на аб’екты крытычнай інфраструктуры ў Латвіі. Такое рашэнне Сейм Латвіі прыняў у чацвер, 8 кастрычніка, паведамляе LSM.lv са спасылкай на інфармагенцтва LETA.

Крытычная інфраструктура падзяляецца на некалькі катэгорый — A, B, C і D. Апошняя ахоплівае інфраструктуру, знішчэнне якой, зніжэнне яе працаздольнасці або парушэнне прадастаўлення крытычна важных паслуг у выпадку вайны створыць істотную пагрозу грамадскай і нацыянальнай бяспецы.

Да яе адносяцца, напрыклад, вытворчасць і размеркаванне харчавання, цеплазабеспячэнне, распаўсюджванне лекаў і іншыя сферы.

Катэгорыя D ахоплівае працэсы, а не канкрэтныя аб’екты. Таму дагэтуль было цяжка адсочваць, ці ўдзельнічаюць грамадзяне дзяржаў-агрэсараў у гэтых працэсах і якім чынам. Змены ўстанаўліваюць, што такія грамадзяне не могуць быць канчатковымі бенефіцыярнымі ўладальнікамі або аказваць ускосны ўплыў на гэтыя працэсы.

Папраўкі прадугледжваюць, што доля ўдзелу бенефіцыярнага ўладальніка павінна складаць не менш за 10% статутнага капіталу кампаніі або акцый з правам голасу.

Міністэрства абароны Латвіі сумесна з адпаведным галіновым міністэрствам павінна да 1 снежня 2026 года ўстанавіць, ці ёсць сярод арганізацый, уключаных у катэгорыю D крытычнай інфраструктуры, такія, у якіх асобы, звязаныя з Расіяй або Беларуссю, валодаюць істотнай доляй удзелу або вырашальным уплывам, а таксама ці з’яўляюцца такія асобы канчатковымі бенефіцыярнымі ўладальнікамі гэтых арганізацый. Пасля гэтага ведамства павінна прадставіць Міністэрству ўнутраных спраў прапановы аб выключэнні адпаведных арганізацый з катэгорыі D крытычнай інфраструктуры.