Намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка сустрэўся з дакладчыцай ПАСЕ, дэпутаткай Сейма Польшчы Агнешкай Памаскай і кіраўніцай сакратарыята Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ Таццянай Тэрмачыч. Сустрэча была прысвечана падрыхтоўцы даклада ПАСЕ «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі». Яна прайшла з удзелам акцёраў трупы «Вольныя Купалаўцы».
Даклад плануецца прадставіць на вясновай сесіі ПАСЕ ў 2027 годзе. Яго задача – прыцягнуць увагу краін ПАСЕ да сітуацыі ў беларускай культуры і падрыхтаваць канкрэтныя рэкамендацыі па аказанні дапамогі дзеячам і ўстановам беларускай культуры ў эміграцыі.
«Лукашэнка дзесяцігоддзямі змагаецца з беларускай культурай, але цяпер гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы. Культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Гэта таксама галоўная арэна гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці», – адзначыў Павел Латушка, паведамілі ў АПК.
Падчас сустрэчы таксама было падкрэслена, што пераслед дзеячаў беларускай культуры працягваецца і за мяжой. Музей Вольнай Беларусі і «Вольныя Купалаўцы» прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, як і шэраг іншых культурных арганізацый.
Акцёры трупы расказалі пра галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца яны і іншыя беларускія тэатральныя калектывы, вымушаныя жыць у выгнанні: адсутнасць пастаянных памяшканняў для пастановак, нестабільнае фінансаванне; таксама была адзначана важнасць вяртання да практыкі прадастаўлення стыпендый беларускім акцёрам.
Падчас сустрэчы Павел Латушка прапанаваў стварыць Еўрапейскі фонд беларускай культуры для рэалізацыі праграм інстытуцыянальнай і фінансавай падтрымкі незалежных беларускіх культурных устаноў і ініцыятыў.
Прадстаўніцы ПАСЕ таксама правялі сустрэчы з Радай культуры, кіраўніцтвам Музея Вольнай Беларусі. Яны працягнуцца ў Беластоку.
